У Браславе адбылася прэм’ера спектакля «Усё пра каханне»

В свободное время
Браслаўскі народны тэатр прэзентаваў сваю новую пастаноўку – спектакль «Усё пра каханне». Ён быў пастаўлены па п’есе беларускага драматурга Васіля Ткачова. Прэм’ера адбылася 8 сакавіка і стала выдатным творчым падарункам для браслаўчанак.

У цэнтры падзей – тры жанчыны, якія мараць сустрэць каханне і быць шчаслівымі, вось толькі шлях да гэтага будзе ў кожнай свой. Паўтары гадзіны гледачы з цікавасцю сачылі за акцёрскай ігрой Кацярыны Садоўнікавай, Ганны Лявіцкай, Юліі і Андрэя Кеніньшаў, Канстанціна Каралевіча і Яўгена Набеева. Самадзейныя артысты ўдала пераўвасобіліся ў сваіх герояў і змаглі перадаць іх перажыванні і характары. Не раз на працягу спектакля гучалі жартаўлівыя вершы і жывая музыка, якія дапаўнялі дзейства і раскрывалі вобразы герояў. Над афармленнем і дэкарацыямі працавала мастачка Марына Рачынская, рэжысурай займаўся Яўген Набееў.

Пастаноўка «Усё пра каханне» рыхтавалася на працягу некалькіх месяцаў. Самадзейныя артысты адзначылі, што знаходзіцца перад гледачамі было вельмі хвалююча, бо практычна год калектыў не выступаў у сувязі з пандэміяй, а сваёй творчасцю мог дзяліцца толькі ў анлайн-фармаце, дзе адбылася прэм’ера папярэдняга спектакля «Службовы раман». Цяпер жа ў рэпертуары з’явілася яшчэ адна цікавая пастаноўка, якую пры магчымасці артысты пакажуць жыхарам нашага раёна. ■

Аліна БРАС