Пра што пісала «Браслаўская звязда» 40 гадоў таму назад (сакавік 1981-га)

Общество
ЦВЁРДАЕ СЛОВА МЕХАНІЗАТАРАЎ

Днямі ў механічнай майстэрні саўгаса «Друйскі» адбыўся мітынг, прысвечаны XXVI з’езду КПСС. Механізатары выказалі аднадушную падтрымку знешняй і ўнутранай палітыкі партыі, гарачае адабрэнне рашэнняў з’езда, накіраваных на далейшы росквіт краіны, павышэнне дабрабыту савецкіх людзей, далі слова самаадданай працай адказаць на ўсебаковыя клопаты пра вяскоўцаў.

СТВАРАЕЦЦА ГАРОДНІНАВОДЧАЯ ГАСПАДАРКА

Пры райспажыўсаюзе ствараецца падсобная гаспадарка. Пад яе адведзены гектар зямлі ў прыгараднай зоне. Хутка пачнецца будаўніцтва плёначных цяпліц. Сёлета тут разлічваюць сабраць пад дахам першы ўраджай агуркоў. Да восені пабудуюць і капітальную цяпліцу з абагрэвам для вырошчвання расады ранняй гародніны. Вопытам узвядзення такіх збудаванняў падзяліліся латвійскія суседзі.

РЫХТУЕЦЦА ДА ВЫДАННЯ

У Мінску рыхтуецца да выдання сямітомнік пра археалагічныя, архітэктурныя, гістарычныя помнікі рэспублікі. Цяпер ідзе збор і падрыхтоўка матэрыялаў для тома пра Віцебшчыну, адзін з яго раздзелаў будзе прысвечаны нашаму раёну. Чытачы падрабязна даведаюцца пра парк «Бяльмонты», касцёл Троіцы ў Відзах, друйскі кляштар бернардзінцаў і г. д.

БЕЗ ВІНЫ ВІНАВАТАЯ «КАРАЛЕВА»

Празмернае захапленне пашырэннем плошчаў пад кукурузу скампраметавала яе, і многія кіраўнікі адмовіліся ад «каралевы палёў». Між тым гэта непераўзыдзеная сіласная культура, якая пры належнай агратэхніцы здольна на небывалую шчодрасць. У мінулы неспрыяльны год кукуруза, напрыклад, урадзіла, асабліва там, дзе да яе прыклалі рукі. Калгасы імя Жданава, «Камунар», «Беларусь», «Уперад» у апошнія гады адводзяць пад гэту культуру значныя плошчы.

НА ЧАРАПАШАЙ ХУТКАСЦІ

Цікава, колькі часу спатрэбіцца, каб дабрацца, скажам, з Браслава да Гродна ці наадварот? Дзень, два, тры? Не варта абцяжарваць сябе падлікамі хуткасных магчымасцей цягніка, аўтамабіля, авіялайнера, бо ўсё роўна не здагадацца. Аказваецца, шаснаццаць дзён. Менавіта столькі спатрэбілася тэлеграме, каб прыйсці з Гродна праз раённы вузел сувязі да кватэры браслаўчаніна. Куды глядзяць нашы сувязісты?

ДА ВЫНІКАЎ АГЛЯДУ

У 1980 годзе ў рэспубліцы праводзіўся грамадскі агляд супрацьпажарнага стану жылых дамоў. Было таксама арганізавана навучанне насельніцтва правілам пажарнай бяспекі, бо многія домаўладальнікі і кватэраздымшчыкі ігнаруюць іх або зусім не ведаюць. У выніку часта ўзнікаюць пажары. Толькі на тэрыторыі раёна ў мінулым годзе агнём знішчана 12 жылых дамоў і 19 надворных пабудоў, загінулі 3 чалавекі.

ТЫРАЖ АДБУДЗЕЦЦА Ў БРАСЛАВЕ

Праз два месяцы ў Браславе ў раённым Доме культуры адбудзецца тыраж выйгрышаў па грашова-рэчыўнай латарэі Беларускай ССР трэцяга выпуску. Латарэйныя білеты, якіх на раён атрымана на 900 рублёў больш, чым звычайна, будуць распаўсюджвацца ўсімі абслугоўваючымі арганізацыямі і прадавацца ў мясцовых магазінах. ■

Жанна БЯЛЬКО