Паглядзіце, які файны Дзень адкрытых дзвярэй арганізавалі ў Опсаўскай школе

Новости
Больш як два гады таму назад калектыў Опсаўскай яслі-сад – сярэдняй школы паспрабаваў свае сілы ў праекце ГА «Беларускі зялёны крыж» пад назвай «Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для бяспечных агратэхналогій», альбо «Школьны сад», і трапіў у лік 28 удзельнікаў з Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Педагогі і вучні з таго часу рэалізавалі нямала сельскагаспадарчых ініцыятыў, прыемнымі бонусамі сталі дыпломы прызёраў і гранты, што дазволілі значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Чарговы крок – арганізаваны ў школе «Дзень адчыненых дзвярэй. Кірмаш».

Мерапрыемства прайшло ў рамках накірунку «Сельскі турызм праз школу» (часткі праграмы «Агратурызм» праекта «Школьны сад»), згодна з якім ва ўстановах адукацыі плануецца правядзенне азнаямленчых праграм для ўсіх зацікаўленых, найперш для вучняў і гараджан з дзецьмі. Са свята ў Опсаўскай ЯССШ пачалася рэалізацыя гэтай ініцыятывы.

Суботнім днём тэрыторыя ўстановы адукацыі ператварылася ў старадаўні вакзал: гаспадары творча абыгралі гісторыю аграгарадка, праз які калісьці праходзіла вузкакалейка. Гудок цягніка паведаміў пра прыбыццё гасцей – членаў каманды праекта «Школьны сад», прадстаўнікоў Цэнтра экалагічных рашэнняў, «Настаўніцкай газеты», аддзела райвыканкама па адукацыі, педагогаў шэрагу школ Віцебшчыны, мінчан з дзецьмі. У фае іх вітала дырэктар Святлана Курбан, яна азнаёміла прысутных з дзейнасцю школы (па выніках работы за 2018 год – лепшая сельская ўстанова адукацыі ў рэспубліцы) і пажадала плённай працы, а «правадніцы» ўручылі ўдзельнікам мерапрыемства білеты з указаннем прыпыначных пунктаў і арыгінальныя сувеніры.

На першым прыпынку – станцыі «Дыскусійная» – размясцілася дыялогавая пляцоўка «Прышкольны ўчастак і вакол яго». Настаўнік біялогіі Марыя Філімонава расказала гасцям пра структуру ўчастка, падзялілася вопытам працы з дзецьмі ў экалагічных праектах і эксперыментах, інтэграцыі такой дзейнасці ў навучальны працэс. Начальнік аддзела па адукацыі Іван Абаровіч і галоўны спецыяліст Ірына Мацук адзначылі безумоўныя перавагі ўдзелу сельскіх школ у міжнародных экапраектах. Асаблівую ўвагу яны надалі развіццю агратурызму: акрамя захавання і выкарыстання спадчыны краю для яго развіцця ды распаўсюджвання «зялёных» агратэхналогій, ён яшчэ спрыяе выбару школьнікамі прафесій, патрэбных на роднай зямлі. Трэба сказаць, што не раз узгадвалася ў размове мясцовае сельгаспрадпрыемства і яго старшыня Рамуальд Шукель, які аказвае педкалектыву значную дапамогу.

Прысутныя высока ацанілі прэзентаваныя заняткі па вызначэнні відавой разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету і стварэнні сховішчаў для насякомых, арганізацыю экасцежкі з элементамі інтэрактыву і абмеркавалі іх уключэнне ў адукацыйныя праграмы, разлічаныя на гарадскіх жыхароў. Прапанавалі сваю дапамогу і калегі з суседніх школ: так, друяне могуць прадаставіць жыллё для турыстаў, а ў Слабодцы гатовы арганізаваць для іх катанне на кані і правесці майстар-класы па вязанні снапоў.

Далей «пасажыры» накіраваліся на наступныя станцыі, дзе атрымалі незабыўныя ўражанні ад убачанага і прынялі непасрэдны ўдзел у падзеях. Так, на пэўны час госці ператварыліся ў рамеснікаў і з дапамогай опсаўскіх педагогаў ўпрыгожвалі драўляныя вырабы бяростай, рабілі арыгінальныя брошкі з лямцу і арганзы. Пасля работы прысутных чакаў абед у вагоне-рэстаране: звыклая для браслаўчан юшка прыйшлася да смаку ўсім. Затым мясцовы музыкант Пётр Кухаронак парадаваў слухачоў аўтарскімі песнямі, сюрпрызам стала таксама выступленне педагога Аляксандры Крупко і дырэктара школы Святланы Курбан, як і развучванне танцаў.

Нельга было абмінуць кірмаш з гандлёвымі радамі, запоўненымі мясцовымі прысмакамі, драўлянымі вырабамі опсаўскіх майстроў, сувенірамі, а таксама падарункавымі наборамі з травянымі чаямі і духмянымі сашэ ад Слабодкаўскай школы. Цікавай аказалася і экскурсія па аграгарадку, якую правёў настаўнік гісторыі Кансталінскай школы Віктар Бунта. Напрыканцы падарожжа педагогі-моваведы Галіна Ларчанка і Алена Умпіровіч прапанавалі прысутным традыцыйныя мясцовыя гульні. Начаваць госці адправіліся ў аграсядзібу.

Назаўтра ўдзельнікі дня адкрытых дзвярэй зноў сабраліся ў школе, якую прадстаўлялі намеснікі дырэктара Інэса Стрыновіч і Таццяна Сцефановіч. Тут адбыўся абмен прапановамі і ідэямі наконт таго, што найбольш удалося і якія моманты варта дапрацаваць. Госці адзначылі, што калектыву опсаўскай установы адукацыі ў супрацоўніцтве з мясцовымі жыхарамі, зацікаўленымі ў развіцці аграгарадка, ёсць чым здзівіць
прыезджых, а значыць, першае пробнае мерапрыемства ініцыятывы «Сельскі турызм праз школу» прайшло паспяхова.

Наталля СВЯТКІНА, каардынатар адукацыйных праграм ГА «Беларускі зялёны крыж»:

– У мяне вельмі добрыя ўражанні ад супрацоўніцтва з педагогамі Опсаўскай школы, бо тут сабраліся людзі творчыя, энергічныя, яны хочуць развівацца і гатовы вучыцца. Я па-добраму зайздрошчу іх вучням, у якіх такія настаўнікі. Увогуле ж Браслаўскаму раёну, лічу, проста наканавана быць наперадзе ў развіцці адукацыйнага турызму. ■

Жанна БЯЛЬКО