Грамадзянін — гэта не толькі правы, але і абавязкі. Лепшыя вучні Ахрэмаўскай школы атрымалі пашпарты

Новости
Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які штогод адзначаецца 15 сакавіка, уваходзіць у пералік галоўных дзяржаўных свят. Асноўны дакумент рэгламентуе жыццё нашай краіны, вызначае правы і абавязкі яе грамадзян, прыналежнасць да якіх пацвярджаецца пашпартам. Яго цяпер уручаюць падлеткам па дасягненні імі 14-і гадоў.

Нездарма сціплую з выгляду сінюю кніжку з залацістымі літарамі называюць пуцёўкай у самастойнае жыццё: з пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь дзяўчаты і юнакі атрымліваюць не толькі ганаровае званне, а і пэўныя абавязкі. Для навучэнцаў устаноў адукацыі яны заключаюцца ў добрай вучобе, вядзенні здаровага ладу жыцця, актыўным удзеле ў грамадскіх справах.

У поўнай меры гэта ўласціва юным грамадзянам Ігару Арэху, Лізавеце Мяркур’евай і Аляксандру Арцімовічу– вучням 9 класа Ахрэмаўскай яслі-сад – сярэдняй школы. Сваімі ведамі ды здольнасцямі яны дабіліся значных поспехаў як у навучальнай, так і ў творчай дзейнасці.

Навучэнцы годна прадстаўляюць установу адукацыі на самых розных узроўнях – ад раённага да міжнароднага. Аляксандр і Ігар сёлета парадавалі ахрэмаўскіх педагогаў перамогамі і прызавымі месцамі падчас удзелу ў алімпіядах па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, Лізавета таксама мае дасягненні – у абслугоўваючай працы.

Актыўныя і мэтанакіраваныя, дзевяцікласнікі дасылаюць работы на шматлікія творчыя конкурсы, наведваюць гурткі па інтарэсах («Шахматы», «Каларыт») і паспяваюць таксама прымаць удзел у школьных мерапрыемствах. ■

Жанна БЯЛЬКО