У Браславе пройдзе турыстычная выстаўка «OPEN AIR «Браслаў – цэнтр устойлівага турызму»»

Отдых
Турыстычная выстаўка «OPEN AIR «Браслаў – цэнтр устойлівага турызму»» запланавана на 14 мая. Чакаецца, што да ўдзелу ў ёй, акрамя мясцовых суб’ектаў турсферы, запросяць прадстаўнікоў турфірм і вядучых сродкаў масавай інфармацыі.

Якой будзе выстаўка, хто і што будзе прадстаўляць, якія славутасці неабходна ўключыць у азнаямляльны маршрут запрошаных гасцей – асноўныя тэмы сустрэчы, арганізаванай сацыяльна-інфармацыйнай установай «Традыцыі і інавацыі Паазер’я», што, дарэчы, і выступае ініцыятарам падзеі.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі турыстычных прадпрыемстваў, аграсядзіб, сферы харчавання, устаноў культуры і інш. Галоўная мэта выстаўкі – як мага больш зацікавіць запрошаных, каб яны актыўней заключалі дагаворы з браслаўчанамі на адпачынак і прывозілі экскурсіі да нас, а таксама расказвалі пра Браслаўшчыну ў друкаваных і тэлевізійных сродках інфармацыі, інтэрнэт-прасторы.

Удзельнікі сустрэчы выслухалі прапанаваны план «OPEN AIR «Браслаў – цэнтр устойлівага турызму»», выказалі свой погляд на яго, а таксама зрабілі слушныя заўвагі. У бліжэйшы час завершыцца работа над канчатковым варыянтам, які будзе разасланы ў турыстычныя агенцтвы. У жадаючых прарэкламаваць свае паслугі падчас выстаўкі яшчэ ёсць час далучыцца да ўдзелу ў ёй. ■

Алена НАБЕЕВА