У Браславе ў 2021 годзе запланаваны бягучы рамонт васьмі шматкватэрных дамоў і дзесяці дваровых тэрыторый

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Сёлета ў Браславе запланаваны бягучы рамонт васьмі шматкватэрных дамоў і дзесяці дваровых тэрыторый. Пра гэта на планавай нарадзе Аляксандра Баданіна з актывам раёна расказала начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Севасцьянава.

Паводле яе інфармацыі, у шматпавярхоўках, дарэчы, размешчаных пераважна на вуліцах Кастрычніка і Садовай, абновяць адмосткі, правядуць рэвізію сістэм водазабеспячэння, часткова адрамантуюць дах. «Пералік работ сфарміраваны і з улікам зваротаў грамадзян. На гэтыя мэты запланавана звыш 35 тысяч рублёў», – адзначыла Т. Севасцьянава.

Што тычыцца дваровых тэрыторый, то каля асобных дамоў у гэтым годзе правядуць добраўпарадкаванне, усталююць лавачкі і дзіцячыя пляцоўкі.

Варта нагадаць, што цяпер ідзе капітальны рамонт двух шматкватэрных дамоў у Відзах. Яшчэ адзін аналагічным чынам пачнуць рамантаваць у Браславе – ужо распачата падрыхтоўка праектнай дакументацыі, а сам аб’ект, хутчэй за ўсё, будзе пераходным на наступны год.

Акрамя таго, начальнік аддзела звярнула ўвагу, што сёлета таксама запланаваны вялікі пласт работ па азеляненні Браслава і сельскіх населеных пунктаў раёна, а таксама рамонт вулічна-дарожнай сеткі. У райцэнтры, напрыклад, з’явяцца тратуары на вуліцы Кастрычніка і Кірава, адрамантуюць вуліцу Дачную.

Стартуе маштабнае добраўпарадкаванне ўжо ў красавіку. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ