4 сакавіка браслаўскія міліцыянеры адзначаюць сваё прафесійнае свята. З якімі вынікамі да яго падыйшоў наш РАУС

Общество
Сёння беларускія міліцыянеры адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні «Браслаўская звязда» пацікавілася ў начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргея Бяржаніна вынікамі дзейнасці мясцовых праваахоўнікаў за мінулы год.

– Перш-наперш хачу павіншаваць увесь асабовы склад Браслаўскага РАУС і ветэранаў службы з надыходзячым святам, пажадаць ім моцнага здароўя і спакойнай работы. А настрой, трэба сказаць, у нас добры, напэўна, яшчэ і таму, што нядаўна на падвядзенні мінулагодніх вынікаў работы ў вобласці наш аддзел упершыню стаў лепшым сярод іншых раённых АУС. Хачу адзначыць, што гэта вялікая перамога складалася з працоўных дасягненняў аддзяленняў і асабістых заслуг работнікаў.

Напрыклад, супрацоўнікі нашага аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі ў мінулым годзе не дапусцілі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы бытавога гвалту, у ЛПП накіравалі 26 чалавек, таксама ўзбудзілі 13 крымінальных спраў прэвентыўнага характару. Па выніках работы браслаўскае аддзяленне ААПП стала лепшым у вобласці. Добра спрацавалі і аператыўнікі: па лініі крымінальнага вышуку ў 2020 годзе раскрывальнасць склала 73,7 %, цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў – 100 %. Аддзяленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі было раскрыта 6 спраў.

Спартыўныя перамогі нашых супрацоўнікаў таксама адзначаны ў вобласці. Нядаўна два нашы міліцыянеры – Эдуард Крумплеўскі і Іван Мацкевіч – вярнуліся з абласных спаборніцтваў па рукапашным баі, дзе заваявалі бронзу.

У мінулым годзе папоўнілася і матэрыяльна-тэхнічная база РАУС, і аўтапарк: браслаўскія міліцыянеры атрымалі 3 новенькія аўтамабілі. Немалаважна, што ў пабудаваным у Браславе новым доме знайшлося жыллё для нашых супрацоўнікаў. Спадзяюся, што гэтая тэндэнцыя знойдзе працяг, бо ў РАУС кожны год дабаўляецца маладых кадраў, якія маюць патрэбу ў жыллі. ■