У Браславе адбылася справаздачная канферэнцыя раённай ветэранскай арганізацыі

Новости
З 24 грамадскіх арганізацый, якія вядуць сваю дзейнасць на Браслаўшчыне, раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў самая шматлікая: яна налічвае звыш 7 800 пенсіянераў, ветэранаў вайны і працы. У мінулы чацвер дэлегаты з 45 пярвічак сабраліся на сваю дзявятую справаздачна-выбарную канферэнцыю.

Падчас справаздачнага даклада старшыня райарганізацыі Вера Сяліцкая нагадала асноўныя мэты і задачы ўзначальваемага ёю грамадскага аб’яднання, падрабязна акрэсліла разнастайныя накірункі дзейнасці раённай ветэранскай суполкі, паведаміла пра ўдзел сталых браслаўчан у грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці рэгіёна. Таксама засяродзіла шмат увагі на плённым узаемадзеянні ветэранскага руху з уладнымі структурамі, кіраўніцтвам арганізацый, іншымі аб’яднаннямі на грамадскай аснове. Зрабіла акцэнт і на рэальнай дапамозе, аказанай пажылым людзям з розных крыніц. Словам, даклад В. Сяліцкай яскрава сведчыў пра тое, што мноства пенсіянераў Браслаўшчыны жыве настолькі актыўна, што пазайздросціць людзям сталага ўзросту можа нават моладзь.

Судакладчыкі таксама прыводзілі шмат станоўчых прыкладаў самарэалізацыі мясцовых пенсіянераў у грамадстве. Пры гэтым не абміналі ўвагай і меры як дзяржаўнай, так і грамадскай падтрымкі тых, каму па стане здароўя патрэбна дапамога.

Пасля канферэнцыі, дэлегаты якой абралі новы савет мясцовага ветэранскага руху і дэлегатаў на абласны форум, у адпаведнасці са статусам адбыўся і першы пленум абноўленага савета раённага аб’яднання ветэранаў. На ім абралі кіруючыя органы арганізацыі, у тым ліку зноў даверылі ўзначальваць яе Веры Сяліцкай. ■

Казімір ПЯТУШКА