Дом з гісторыяй. Што вы не ведалі пра будынак краязнаўчага музея

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Далёка за межамі краіны славіцца Браслаўшчына хараством сваёй прыроды. Але разам з маляўнічымі краявідамі не менш прываблівае гасцей нашага азёрнага краю яго архітэктурная спадчына – старадаўнія сядзібы, шматлікія храмы, адмысловыя дамы ці гаспадарчыя пабудовы, узведзеныя ў розных населеных пунктах раёна. Большасць мясцовых жыхароў, занятых звыклымі клопатамі, штодзень праходзяць міма іх, а між тым гэта сапраўдны скарб, што захоўвае ў сабе подых мінулых гадоў і нават цэлых эпох. Таму ў новым праекце мы будзем расказваць пра цікавыя ў архітэктурных адносінах будынкі з багатай гісторыяй і пачнём з памяшкання краязнаўчага музея.
ДРУКАРНЯ «MAGATA»

У цэнтральнай частцы Браслава пераважаюць аднапавярховыя драўляныя дамы, узведзеныя ў 20 – 30 гады XX стагоддзя. Таму двухпавярховы асабняк з высокім ганкам і арыгінальным балконам, што размясціўся на скрыжаванні сучасных вуліц Савецкай і Энгельса, паблізу ад Замкавай гары, адразу звяртае на сябе ўвагу. Найперш – удалым размяшчэннем, абумоўленым рэльефам гарадской тэрыторыі. Вочы міжвольна спыняюцца на бялюткай разной шалёўцы, якая, нібы карункі, абрамляе аконныя і дзвярны праёмы, і дэкаратыўных дэталях на цёмна-карычневых франтонах, адна з якіх – стылізаваная выява сонца з прамянямі.

Стары дом мае багатую і крыху заблытаную гісторыю, асабліва гэта датычыцца часу яго ўзвядзення. Некаторыя крыніцы пачынаюць адлік з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, іншыя прыводзяць больш дакладныя лічбы – 1933-ці, праўда, з пазнакай «паводле ўспамінаў». Як аказалася, людская памяць – рэч ненадзейная, бо ў тэхнічным пашпарце будынка ўказана канкрэтная дата – 1917 год. Там жа пазначаны агульныя звесткі пра асабняк: сцены ў ім з бярвення, маюцца два паверхі і яшчэ адзін падземны, а агульная плошча складае 263,2 м2 .

Адрозныя ад іншых архітэктурныя формы дамоў таго часу сведчылі пра тое, што іх гаспадары – заможныя гараджане. Відаць, з такіх былі і два браты-яўрэі з сям’і Магата, якім належаў будынак на тагачаснай вуліцы 3 Мая. Па іх прозвішчы назвалі друкарню, што размясцілася ў ім. Тут выходзіў мясцовы штотыднёвік і выданне гарадской гімназіі, пазнавальная літаратура для гасцей рэгіёна – даведнік «Турыстычныя шляхі па Браслаўшчыне». Польскі паэт Юзэф Буйноўскі выдаў у «Магаце» свой першы зборнік вершаў, тут жа выйшла кніга паэзіі Яна Стахуры. Яшчэ пры друкарні працавала крама, дзе прадаваліся фотапрыналежнасці, канцылярскія тавары і святочныя ўпрыгажэнні. У доме, акрамя вытворчых памяшканняў, былі і жылыя. Лічыцца, што некаторы час тут кватараваў даследчык браслаўскай гісторыі Отан Гедэман, дарэчы, у яго гонар на фасадзе будынка цяпер усталявана памятная шыльда.

І РЭДАКЦЫЯ ГАЗЕТЫ, І ТЫПАГРАФІЯ

З прыходам Савецкай улады друкарню нацыяналізавалі, і ўжо на дзяржаўным прадпрыемстве пачалі выдаваць раённую газету «Звязда» (пазней – «Браслаўская звязда»). У гады Вялікай Айчыннай вайны праца тут не спынялася: друкаваліся розныя бланкі, аб’явы. Пасля вызвалення раёна рэдакцыя мясцовай газеты ўзнавіла работу ў будынку ў ліпені 1944 года.

На першым паверсе былі кабінеты загадчыка друкарні, адказнага сакратара і наборны цэх, на другім размяшчаліся супрацоўнікі рэдакцыі, у падвальным памяшканні стаялі друкарскія машыны.

Вось што ўспамінае браслаўчанін Аляксандр Еўдакімаў, які пачаў працаваць у «раёнцы» ў канцы 1960-х гадоў:

– Кабінеты супрацоўнікаў рэдакцыі знаходзіліся на адным паверсе. Было нам тут не вельмі зручна, бо пакойчыкі невялікія, цесныя: у кожным толькі стол ды стул і памяшчаліся. Памяшканні ацяпляліся печкамі. Усе паверхі злучаліся між сабой такімі стромкімі лесвіцамі, што трэба было яшчэ падумаць, як спусціцца. Наборшчыкі ж павінны былі неяк дастаўляць уніз, у тыпаграфію, гатовыя газетныя палосы (а важылі радкі з гарту ды металічныя літары ў загалоўках нямала). Здаралася, чалавек аступаўся – і прыходзілася ўсё пераробліваць. Памятаю, колькі было радасці, калі загадчык друкарні зрабіў своеасаблівы ліфт-пад’ёмнік: гэта надта палегчыла працэс дастаўкі. Знадворку мелася і гаспадарчая пабудова, там захоўваліся рулоны газетнай паперы па 300 кг, якія работнікам даводзілася раскручваць уручную.

КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

У пачатку 1980-х гг. рэдакцыя і друкарня пераехалі ў новы будынак на вул. Садовай, а свабоднае памяшканне было перададзена пад краязнаўчы музей. Пэўны тэрмін у ім ішлі падрыхтоўчыя работы. Расказвае Валерый Кейзер, які ў той час працаваў у раённым аддзеле культуры:

– Мне даручылі заняцца арганізацыяй музея літаральна на грамадскіх пачатках. На той час яшчэ і штату не было – ні дырэктара, ні супрацоўнікаў, нават тэхработніка. Аб’ём жа работы чакаў вялізны. Замест пячнога ацяплення паставілі батарэі, кацёл на цвёрдым паліве, зрабілі больш прыстасаваны спуск у падвальнае памяшканне, перарабілі лесвіцы і на іншых паверхах. Маленькія пакойчыкі не адпавядалі мэтам музея, таму давялося па-новаму размяшчаць перагародкі, каб наведвальнікам было зручна пераходзіць з адной залы ў наступную.

Рамонт памяшкання даваўся нялёгка, бо не хапала рабочых. Пэўны час нават «сутачнікі» тут працавалі, потым падпісалі дагавор з падраднай арганізацыяй. Між тым ужо мелася багатая калекцыя: яе перадалі з Браслаўскай сярэдняй школы імя А. М. Жданава, дзе збіралі на працягу дзесяцігоддзяў пад кіраўніцтвам краязнаўца Аляксандра Гарэліка. Напачатку прыйшлося захоўваць экспанаты ў Доме культуры і Доме піянераў. Вось так усё пачыналася.

Стромкія лесвіцы сталі адметнасцю музейнага памяшкання.

Афіцыйна ж гісторыка-краязнаўчы музей быў заснаваны ў 1984 годзе, яго штат складаўся з 4 супрацоўнікаў, і толькі вясной 1988-га дзверы ўстановы адчыніліся перад першымі наведвальнікамі. З цягам часу колькасць экспазіцый павялічвалася, і цяпер іх тут налічваецца шэсць. Археалогія, гістарычная хроніка, падзеі, людзі, этнаграфія і культура Браслаўшчыны багата прадстаўлены ў залах музея. А старадаўні будынак, які ўжо пераадолеў 100-гадовы рубеж, па-ранейшаму прыцягвае да сябе погляды. ■

Жанна БЯЛЬКО