Работа такая – каб было чыста. Браслаўчанка і яе працоўны шлях у 25 гадоў

Общество
Здаўна склалася так, што клопат пра чысціню адзення трывала замацаваўся ў спісе хатніх жаночых спраў. А вось у Марыі Вялічка, рабочай па мыцці і рамонце спецвопраткі ў пральні Браслаўскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, ён стаў службовым абавязкам.

Увесь працоўны шлях гэтай рухавай абаяльнай жанчыны звязаны з сацыяльнай установай: стаж яе работы тут ужо перавышае 25 гадоў. Нават калі ў пачатку 1990-х яшчэ вучылася ў Друйскім СПТВ на повара, практыку праходзіла ў доме-інтэрнаце. Так і звязала з ім свой лёс далей: спачатку ўладкавалася сюды тэхработніцай, пэўны час працавала на кухні, потым, пасля водпуску па доглядзе дзіцяці, выйшла на працу ў пральню.

Штодзённы клопат Марыі – мыццё, акрамя спецвопраткі, пасцельнай бялізны і адзення насельнікаў установы. Рэчы, якія жанчыне і яе напарніцы прыносяць санітаркі, падзяляюцца па ступенях: 2-я прысвойваецца тым, што належаць прыкаваным да ложкаў жыхарам дома-інтэрната (такія трэба мыць штодзень), 4-я – дастаўленым ад пажылых людзей, якія ходзяць самастойна.

Кожны раз нагрузка выпадае розная: пасля выхадных, зразумела, больш збіраецца пасцельнай бялізны і адзення – тады аб’ём работы павялічваецца. У сярэднім жа па будніх днях бывае па 30 кг рэчаў 2-й ступені і звыш 45 кг – 4-й. Кожны рабочы дзень Марыі Вялічка дастаткова напружаны: з раніцы да абеда ў пральні ідзе мыццё, пасля адзенне трэба прасаваць і раскладваць у мяшкі, у якіх яно вяртаецца гаспадарам. Здавалася б, пры сучаснай тэхніцы працэс гэты нескладаны, бо ў рабочых памяшканнях усталяваны 2 пральныя машыны, 2 цэнтрыфугі, 1 сушыльная шафа і каландр для прасавання. Але практычна ўвесь час жанчына на нагах, ды і ванначкі з памытай вопраткай і бялізнай, якія яна пераносіць, важаць нямала. Да таго ж работа Марыі Вялічка не абмяжоўваецца толькі сартаваннем, мыццём і прасаваннем. Насельнікаў многа, і вопратку кожнага неабходна запісаць у спецыяльны журнал. Гартаю яго старонкі: «халат фланелевы сіні ў кветачкі», «сукенка чорна-белая ў гарошак» і г. д. – на аднаго чалавека прыходзіцца прыблізна ад 5 да 12 найменняў. А без такіх падрабязных апісанняў ніяк не абысціся, бо чыстыя рэчы трэба вярнуць менавіта іх гаспадарам. І рабочая па мыцці павінна быць вельмі пільнай, каб не пераблытаць вопратку і не хваляваць пажылых людзей.

Дарэчы, у пральні мыюць таксама цюлі, фіранкі, пледы, коўдры, а калі на вуліцы робіцца цёпла, то ў работніц і да дываноў і дарожак рукі даходзяць: іх чысцяць на вуліцы ўручную шчоткамі.

– Дзень за днём справы ідуць сваім парадкам. Працуем, каб было чыста, – кажа М. Вялічка. – На душы радасна робіцца, калі пажылыя людзі атрымліваюць сваё адзенне памытым, выпрасаваным і застаюцца задаволеныя. ■

Жанна БЯЛЬКО