Сталі вядомымі імёны пераможцаў маладзёжнага конкурсу эстраднай песні «Запалі сваю зорку»

Новости
Сталі вядомыя імёны пераможцаў і лаўрэатаў маладзёжнага конкурсу эстраднай песні «Запалі сваю зорку», які арганізаваў Браслаўскі РЦК пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Гэтае мерапрыемства выклікала вялікую зацікаўленасць з боку маладых выканаўцаў. На адрас арганізатараў паступіла з дзясятак заявак да ўдзелу ў ім. Згодна з палажэннем, усе канкурсанты праходзілі папярэдні адбор, пасля якога былі дапушчаны да анлайн-галасавання. Паралельна з гэтым журы выбірала прэтэндэнтаў на Гран-пры конкурсу. Толькі 12 з іх былі запрошаны да ўдзелу ў фінале. Імі сталі прадстаўнікі не толькі Браслаўскага, але і Пастаўскага, Верхнядзвінскага і Глыбоцкага раёнаў.

Выніковы канцэрт, які адбыўся 14 лютага на сцэне Раённага цэнтра культуры, стаў кульмінацыяй усяго творчага марафону. Фіналісты імкнуліся праявіць сябе толькі з лепшага боку: яркія вобразы, падтанцоўка, жывы гук. Журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Сінькевіч, кіраўнікі калектываў «На панадворку» і «Хор ветэранаў» Марына Шыркевіч і Наталля Няміра, педагог і кампазітар Альберт Бялусь, прыйшлося даволі складана пры вызначэнні ўладальніка Гран-пры.

Выступленні канкурсантаў, салістаў РЦК і гасцей надалі мерапрыемству эмацыянальнасць і пакінулі пасля сябе добры настрой. Складвалася ўражанне, што знаходзішся не на конкурсе, а на канцэрце прафесійных артыстаў. Гледачы вельмі цёпла прымалі фіналістаў, а пасля нумароў крычалі «дзякуй», «малайчына», чым падбадзёрвалі іх. Тым не менш, прысутным было цікава, хто будзе пераможцам.

– Усе канкурсанты рыхтаваліся годна, выбіралі рэпертуар, рэпеціравалі. Для добрага нумара павінна супасці многае: песня, вобраз, настрой перад канцэртам… Аднак гэта конкурс, магчыма, на рэпетыцыі ўсё ідзе гладка, а падчас выступлення праскочыць хваляванне. Увогуле, прыемна бачыць, як расце творчая змена. Парадавалі выступленнямі і нашы мясцовыя салісты, цікава было паглядзець на прадстаўнікоў суседніх раёнаў, – адзначыла член журы Марына Шыркевіч.

Вынікі конкурсу падводзіліся ў дзвюх намінацыях: «Сола» і «Вакальная група». Так, сярод салістаў дыпламантамі 1, 2 і 3 ступені сталі Марына Карач (г. Браслаў), Марыя Сеганкевіч (г. п. Варапаева Пастаўскага раёна) і Сабіна Шчэціна (г. п. Відзы). Сярод вакальных груп першымі былі прадстаўніцы Пастаўскага раёна – група «Дзяўчаты», другое месца дасталося гурту «Раніца» (г. Браслаў), трэцяе – Назару Сінькевічу і Сяргею Іванову (г. Браслаў). Дыплом уручаны і лідару анлайн-галасавання – Максіму Пятроўскаму з Глыбоцкага раёна.

Гран-пры конкурсу атрымала ўдзельніца ўзорнай студыі «Фартуна» Відзаўскага ГДК Юлія Карнышова. Пераможніца і дыпламанты атрымалі падарункі ад арганізатараў мерапрыемства. ■

Алена НАБЕЕВА