Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Ірына Гапон сустрэлася з калектывам тэрытарыяльнага цэнтра

VI Усебеларускі народны сход
Амаль два тыдні таму назад завяршыў сваю работу шосты Усебеларускі народны сход, але і па сённяшні дзень ён застаецца ў ліку самых абмяркоўваемых тэм. Яго дэлегаты, разгледзеўшы прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і вызначыўшы накірункі грамадска-палітычнага ўладкавання на доўгую перспектыву, вярнуліся са сталіцы і накіраваліся ў працоўныя калектывы, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі. На мінулым тыдні да супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва завітала дырэктар Слабодкаўскай яслі-сада – сярэдняй школы Ірына Гапон.

Расказаць пра ключавыя моманты нацыянальнага форуму, перадаць яго атмасферу і абазначыць задачы на бліжэйшых пяць гадоў – менавіта так акрэсліла мэту сустрэчы ўдзельніца сходу ад Браслаўшчыны. Узгадваючы ўзнятыя на ім тэмы, І. Гапон як прадстаўніца сацыяльнай сферы больш дэталёва спынілася на актуальных пытаннях у галіне аховы здароўя і адукацыі, дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва і дэмаграфіі. Яна звярнула ўвагу прысутных на тыя праграмы, што вылучаны па асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сярод іх праект «Шчаслівая сям’я», які мае на ўвазе падтрымку не толькі шматдзетных бацькоў, а і тых, што гадуюць дваіх дзяцей. Таксама ўздымалася пытанне ўдасканалення пенсійнай сістэмы.

Гутарка ішла і пра палітыку сацыяльнага партнёрства, якую праводзіць дзяржава, у прыватнасці, гэта датычыцца падтрымкі медыцыны і адукацыі. Беларусы ўжо адчулі, што для грамадства азначае работа медыкаў, якіх смела можна назваць героямі: ва ўмовах пандэміі яны ратуюць жыцці. Не менш важнае і развіццё сферы адукацыі: акцэнт быў зроблены на яго даступнасці, патрыятычным выхаванні моладзі, укараненні новых тэхналогій, у тым ліку дыстанцыйнага навучання. Усё гэта магчыма пры моцнай эканоміцы. Дэлегат сходу адзначыла, што ў краіне развіваецца машынабудаўніцтва, дрэваапрацоўка, АПК. Сур’ёзныя планы маюцца на выкарыстанне мясцовай сыравіны і энергіі Беларускай АЭС, удасканаленне фармацэўтычнай і біяхімічнай прамысловасці, работу НПЗ. Тут варта ўзгадаць пра праграму «Моцныя рэгіёны», якая паспрыяе развіццю невялікіх гарадоў, такіх, як наш Браслаў.

Нагадаўшы, што народны форум праходзіў пад дэвізам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць», Ірына Гапон адзначыла: «Для кожнага жыхара Беларусі важна, каб грамадства было адзіным, добразычлівым. У гэтым наша сіла, калі мы сустракаем узаемадапамогу, супрацоўнічаем, у любы час можам падставіць плячо адзін аднаму і ў рабоце, і ў жыцці». ■

Жанна БЯЛЬКО