Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад (люты 1976-га)

Калейдоскоп
ДАТЭРМІНОВА

Работнікі авечкагадоўчых ферм калгасаў уключыліся ў сацыялістычнае спаборніцтва за дастойную сустрэчу XXVIII з’езда Кампартыі Беларусі і XXV з’езда КПСС. Як паведамілі ў інспекцыі па закупе і нарыхтоўцы сельгаспрадуктаў, ужо 1 лютага дзве гаспадаркі выканалі паўгадавыя планы продажу воўны дзяржаве. Замест 210 кг з гаспадаркі імя Чарняхоўскага паступіла 243 кг сыравіны, з калгаса «Камунар» – 90 кг, што склала 128,6 % ад задання.

НАВАСЕЛЛЕ СПРАВЯЦЬ МАГАЗІНЫ

Кожны браслаўчанін, напэўна, бачыў новы будынак, які вырас на скрыжаванні вуліц Дзяржынскага, Юбілейнай і Садовай. Тут будуць размешчаны магазіны «Мэбля» і «Гаспадарчыя тавары». Ужо ўстанаўліваюцца электрасвяцільнікі, абсталяванне. Магазіны будуць адкрыты прыкладна ў 20 чыслах лютага. Там, дзе цяпер прадаюцца гаспадарчыя тавары, размесціцца «Гастраном», у яго будынак пераедзе «Галантарэя», у старым мэблевым з’явяцца прамысловыя тавары.

МАРШРУТАМІ ПІЯНЕРСКАГА МАРШУ

Піянеры Опсаўскай школы-інтэрната актыўна ўдзельнічаюць у маршы «Бяром з камуністаў прыклад». Асабліва багаты маршрут «Мая Радзіма – СССР». Вучні рэгулярна праводзяць палітінфармацыі, завочныя вандроўкі, зборы: «Чаму ва ўсім свеце любяць Леніна?», «Людзі вайны і працы расказваюць», «Падарожжа на БАМ» і інш. А сустрэчы з калектывамі калгасаў «Маяк», «Гігант», імя Заслонава і прадпрыемстваў горада выхоўваюць у школьнікаў любоў да працы.

АШТРАФАВАНА ЗА СПЕКУЛЯЦЫЮ

Жыхарка г. п. Відзы Б. атрымлівае ў месяц 55 рублёў пенсіі. Здавалася б, павінна хапаць на пражыццё. Аднак жанчына пачала скупляць яблыкі і перапрадаваць іх па спекулятыўных цэнах. За мінулую восень Б. набыла дзве тоны пладоў і, каб пабольш схабарнічаць грошай, завезла іх у Ленінград і прадала па 1 руб. за кілаграм, хоць купляла па 20 – 30 кап. Суд прыгаварыў яе за спекуляцыю да штрафу ў 600 руб., канфіскацыі аўтамабіля «Запарожац» і спагнання даходу – 1 590 руб.

ПЕРШЫ Ў РАЁНЕ

Нядаўна ў Браслаўскай сярэдняй школе імя А. М. Жданава абсталявалі першы ў раёне лінгафонны кабінет з двухбаковай сувяззю для вывучэння замежных моў. Група вучняў цяпер мае магчымасць праслухоўваць дзве праграмы: магнітафонную фанаграму і грамзапіс. У той час як адны дзеці індывідуальна займаюцца з настаўнікам, другія запісваюць сваю гутарку на магнітафон, каб затым самім жа паслухаць правільнасць вымаўлення. Трэба імкнуцца ў кожнай школе ствараць такія кабінеты.

ДА ВЕДАМА ГРАМАДЗЯН

Бадзяжныя сабакі і каты з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных для чалавека і хатніх гадаванцаў захворванняў. Знішчайце бяздомных жывёл, пасля чаго здымайце з іх шкуркі і здавайце ў раённую нарыхтоўчую кантору. Акрамя кошту шкуркі, здатчык атрымае ад ветэрынарнай станцыі 3 рублі за знішчанага сабаку і 1 руб. – за ката. Паляўнічым дадаткова яшчэ выплочваецца са сродкаў паляўнічага таварыства за бяздомнага сабаку – 3 руб. і за ката – 1 руб.

ЗАПРАШАЕМ НА ЭКСКУРСІЮ

З першага студзеня гэтага года ў Браславе працуе экскурсійнае бюро, якое размешчана на турбазе. Яно будзе арганізоўваць паездкі ў Маскву, Ленінград, Мінск, Полацк, Наваполацк, Хатынь, Вільнюс, Рыгу і інш. Кожная экскурсія праводзіцца па пэўным плане і тэматыцы. Напрыклад, мэта паездкі ў Вільнюс, Рыгу і Даўгаўпілс – дружба народаў брацкіх рэспублік, у Наваполацку экскурсанты азнаёмяцца з «вялікай хіміяй», якая надзейна служыць чалавеку. Кошт адной пуцёўкі – ад 2 да 90 рублёў. ■

Жанна БЯЛЬКО