«Эмоцыі не пакідалі ўвесь дзень». Браслаўчанка расказала, як інспектары ДПС дапамаглі ў цяжкай сітуацыі яе мужу

Происшествия
У мінулы чацвер у рэдакцыю патэлефанавала наша пастаянная чытачка, браслаўчанка Ірына Пяткун. Вельмі ўсхваляваная, яна хацела падзяліцца станоўчымі эмоцыямі. Жанчыну ўзрушыла гісторыя, якая здарылася ў той жа дзень з яе мужам, які, дарэчы, і папрасіў жонку паведаміць пра гэта ў раённую газету. Было чутна, што мужчына стаяў побач і дапамагаў расказчыцы аднавіць храналогію падзей.

А справа вось у чым. Марознай раніцай чацвярга (– 24° С) браслаўчанін Павел Пяткун сабраўся ехаць на дачу, каб працепліць дом. Узяў з сабой свайго сабаку і адправіўся ў дорогу. Але паездка яго была нядоўгай. На адным з пад’ёмаў на горку аўтамабіль стаў (пасля аказалася, што парваўся рэмень ГРМ). Гэта было яшчэ ў горадзе, прычым на перакрыжаванні. Пакуль сямідзесяцігадовы мужчына тэлефанаваў знаёмым, каб дапамаглі адбуксіраваць яго машыну, на дарозе стварыўся невялікі затор. У гэты ж час да разгубленага вадзіцеля падышлі інспектары ДПС. Яны дапамаглі ўбраць транспарт з праезджай часткі, запрасілі пагрэцца ў службовым аўто, пакуль прыедзе дапамога. Пажылы мужчына сказаў, што не вельмі ўпэўнена адчувае сябе за рулём буксіруемага аўтамабіля, таму кіраваць ім сеў адзін з супрацоўнікаў ДАІ, другі суправаджаў іх на міліцэйскай машыне да самага дома. Там са словамі ўдзячнасці П. Пяткун развітаўся.

Станоўчыя эмоцыі не пакідалі мужчыну ўвесь дзень. Ён расказаў усё жонцы, адзначыў: ніколі не думаў, што будзе так рады сустрэчы з супрацоўнікамі ДПС, і пажадаў падзякаваць сваім выратавальнікам праз раёнку.

У аддзяленні ДАІ РАУС мы высветлілі, што ў гэты дзень дарогі патруляваў нарад ДПС, у якім службу неслі Сяргей Капусцін і Артур Кіюц, і паспяшылі даведацца пра здарэнне з пункту гледжання іншага боку. У С. Капусціна спытала, што адбылося падчас іх змены. Той паціснуў плячыма. «Дзякуй богу, нічога незвычайнага, змена як змена, у штатным рэжыме. Хіба што па-асабліваму марозна сёння», – сказаў інспектар.

Я не здавалася, хацела пачуць цікавую гісторыю выратавання, але мой суразмоўца сказаў, што гэта звычайная сітуацыя, такое адбываецца часта, таму, напэўна, і не прыдалі міліцыянеры здарэнню асаблівай увагі пры апісанні свайго рабочага дня. Аказваецца, што ў такія маразы інспектары, перш чым заступіць на службу, правяраюць наяўнасць спецыяльнага камплекта, у які ўваходзіць трос, лапата, правады для «прыкурвання», тэрмакоўдра, валёнкі, іншыя рэчы і два тэрмасы з гарачай гарбатай. Усё гэта яны возяць у службовым аўтамабілі, каб дапамагчы тым, хто сутыкнуўся зімнім днём з непрыемнасцямі на дарозе.

Атрымліваецца, што для П. Петкуна інспектары ДПС сталі заслужанымі героямі, самі ж яны лічаць, што проста выконвалі сваю работу: неслі службу і сачылі за парадкам на дарогах. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ