Глядзіце, як у другой школе адзначылі Дзень роднай мовы

Новости
Больш як два дзесяцігоддзі таму назад ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. З году ў год яго адзначаюць ва ўсім свеце, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак і захаваць нацыянальную разнастайнасць. Беларусы таксама берагуць атрыманы ад прадзедаў каштоўны скарб – сваю прыгожую і непаўторную, мілагучную і самабытную мову. Каб вучні лепш усвядомілі неабходнасць клапаціцца пра яе, педагогі СШ № 2 арганізавалі шэраг тэматычных мерапрыемстваў, якія праходзілі на працягу тыдня.

Ужо з першых яго дзён інфармацыйная прастора ўстановы нагадвала пра важную дату, асабліва спрыялі гэтаму прымеркаваныя да яе выстаўкі. Так, на школьным калідоры з’явіўся стэлаж з адмысловым слоўнікам у малюнках, падрыхтаваным вучнямі: дзеці рупліва збіралі словы, якія, на іх думку, перадаюць «смак» роднай мовы. А ў фае ўстановы размясцілася выстаўка «Дакрануцца да вытокаў», дзе ўсе жадаючыя маглі пагартаць маляўніча аформленыя кнігі, палюбавацца нацыянальным касцюмам, разгледзець зблізу калаўрот і нават зрабіць «сэлфі па-беларуску».

Падчас Тыдня роднай мовы некалькі дзясяткаў навучэнцаў з розных класаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе-гульні па беларускай мове і літаратуры «Буслік», які традыцыйна праходзіў у гэтыя лютаўскія дні. Малодшыя школьнікі папоўнілі свае веды пра беларускі арнамент і зазірнулі ў «Чароўны куфэрак», каманды шасцікласнікаў сустрэліся ў творчай лабараторыі «Папацей, грамацей», а вучні пятых класаў паспрабавалі свае сілы ў інтэрактыўнай гульні «На вылет».

Вучні 6 «Б» класа тым часам адправіліся на экскурсію… ў кабінет беларускай мовы і літаратуры, дзе разам з настаўніцай Людмілай Рудзь разбіраліся ў сімвалах старажытнай беларускай культуры, узгадвалі даўнія легенды і актыўна адказвалі на пытанні віктарыны. Пасля шасцікласнікі завіталі на бодзі-арт да кіраўніка аб’яднання па інтарэсах «Умелыя ручкі» Святланы Маскалёвай, каб з яе дапамогай упрыгожыць сябе каляровымі ўзорамі беларускага арнаменту. Прыемна было глядзець на радасныя твары дзяцей і чуць з іх вуснаў мілагучную родную мову. ■

Жанна БЯЛЬКО