На Браслаўшчыне з’явіўся дыпламаваны валанцёр-інструктар па аказанні першай дапамогі

Новости
На Браслаўшчыне з’явіўся дыпламаваны валанцёр-інструктар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа па аказанні першай дапамогі. Ала Шулья прайшла шэраг навучальных курсаў і сёння мае сертыфікат, які дазваляе ёй вучыць гэтай важнай справе астатніх.

Два гады таму назад Але Шулья прапанавалі стаць валанцёрам раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, і яна, не раздумваючы, згадзілася. Расказвае, што было цікава паспрабаваць штосьці новае, быць патрэбнай грамадству, тым больш навучыцца дапамагаць, а калі трэба – і ратаваць людзей. Наогул жа Ала прызналася, што любіць вучыцца, займаецца самаадукацыяй і жыве ў хуткім рытме, бо мае жаданне развівацца і ісці, як кажуць, у нагу з часам. Яна трапіла ў раённы атрад хуткага рэагавання РА БТЧК, а затым стала ўдзельніцай міжнароднага трохдзённага трэнінгу па падрыхтоўцы інструктараў з ліку валанцёраў-лідараў. Менавіта там пазнаёмілася з актыўнымі маладымі людзьмі з суседніх краін – Літвы і Латвіі. Тыя даўно займаліся валанцёрскай дзейнасцю і расказвалі пра сваю арганізацыю, работу і дапамогу людзям. Цікавая сустрэча і заняткі, якія праводзіў Дзмітрый Рачкоўскі, спецыяліст Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК па рабоце з валанцёрамі і падрыхтоўцы да надзвычайных сітуацый, натхнілі Алу крочыць далей у гэтым накірунку.

У пачатку 2020 года, калі ў Беларусь прыйшоў COVID-19, раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа пачала збіраць валанцёраў, якія б у час ізаляцыі адзінокіх, людзей з інваліднасцю і проста сталага ўзросту дапамагалі ім набываць тавары ў магазінах, прыносілі лекі, гулялі з іх гадаванцамі. Ала зноў стала добраахвотніцай і разам з іншымі валанцёрамі з энтузіязмам узялася за работу.

Пазней, як расказвае сама браслаўчанка, выпадак зноў знайшоў менавіта яе: яна атрымала чарговую прапанову, ад якой не змагла адмовіцца, бо разумела, што гэта яшчэ адзін крок на дарозе ведаў пра дапамогу людзям. У Віцебску Ала прайшла шаснаццацігадзінны базавы курс па першай даўрачэбнай дапамозе і праз некалькі тыдняў адправілася за новай порцыяй ведаў ужо ў Мінск.

– Вучоба была няпростай, але вельмі цікавай. Спачатку заняткі былі насычаны тэорыяй, потым мы перайшлі да практыкі, – успамінае суразмоўніца. – На манекенах да ідэальнасці адпрацоўвалі кожны этап першай дапамогі чалавеку пры абсалютна розных абставінах. Таксама вучыліся дзейнічаць правільна ў няпростых сітуацыях, мадэліруючы іх і абыгрываючы кожны сваю ролю, каб умець дапамагаць не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што веды, якія я набыла там, патрэбны абсалютна кожнаму з нас, і я гатова дзяліцца імі.

Ала Шулья ўжо правяла заняткі са школьнікамі, выступіла ў некалькіх арганізацыях раёна. Пакуль, кажа валанцёр-інструктар, для паўнацэннага навучання, каб яно дало максімальны эфект, не хапае спецыяльных трэнажораў, але і без іх ёсць шмат інфармацыі, якую яна гатова даносіць даволі простай і зразумелай мовай. У сувязі з гэтым РА БТЧК прымае ад кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый заяўкі на адукацыйныя заняткі для супрацоўнікаў па аказанні першай дапамогі, бо кожны з нас павінен ведаць, як паводзіць сябе пры ўзнікненні пэўных надзвычайных сітуацый. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ