Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Ніна Пучынская сустрэлася з калектывам «Браслаўгаза»

VI Усебеларускі народны сход
Бадай, складана сустрэць, беларуса, які б у эфіры (наколькі дазваляў час) не сачыў за ходам VI Усебеларускага народнага сходу ці не знаёміўся ў друкаваных СМІ з асноўнымі дакументамі прадстаўнічага форуму.

Але ж абраныя прадстаўнікі беларускага грамадства з усёй краіны мелі яшчэ і зносіны паміж сабой у нефармальнай абстаноўцы, дзе абменьваліся ўражаннямі, уласнымі думкамі і поглядамі. Таму дэлегатам сходу ёсць чым падзяліцца з землякамі на сваёй радзіме, дзе арганізуюцца сустрэчы народных абраннікаў з працоўнымі калектывамі.

У чацвер, напрыклад, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская размаўляла з працаўнікамі вытворчага ўпраўлення «Браслаўгаз». Дэлегат нацыянальнага форуму тэзісна акрэсліла вынікі апошняй пяцігодкі краіны, прынятыя на сходзе накірункі сацыяльна-эканамічнага раўвіцця на наступных 5 гадоў, засяродзіла ўвагу на прыярытэтах руху Беларусі наперад, якія прагучалі ў дакладзе Прэзідэнта краіны. Але больш імкнулася падзяліцца агульным настроем дэлегатаў.

Ніна Пучынская чацвёрты раз прадстаўляла Браслаўшчыну на ўсенародным сходзе, у тым ліку і на першым, які праходзіў восенню 1996 года. У той складаны для рэспублікі перыяд пры спадзе вытворчасці, дэфіцыце тавараў маладому намесніку старшыні райвыканкама нават не заўсёды ўдавалася забяспечыць своечасовую выплату зарплаты работнікам сацыяльнай сферы. На першым нацыянальным сходзе Прэзідэнт Беларусі ўпэўнена акрэсліў шляхі выхаду з эканамічнага спаду, і ўжо праз год жыхары Беларусі сталі адчуваць сябе ў паўсядзённым жыцці больш упэўнена.

Апошні Усебеларускі народны сход таксама праходзіў на фоне няпростай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў рэспубліцы. Як і шмат гадоў таму назад, цяпер ужо дэпутат райсавета і абласнога Савета дэпутатаў з вялікім стажам ехала на форум, каб пачуць адказы на пытанні многіх выбаршчыкаў.

– Усё, што там адбывалася, мяне ўразіла, – кажа дэлегат і старшыня райсавета. – Прэзідэнт даў дасканальную ацэнку стану развіцця нашай краіны па сённяшні дзень і агучыў арыенціры яе руху на бліжэйшую пяцігодку. Сход прайшоў на вялікім духоўным і ідэйным уздыме. Кожны дэлегат атрымаў адказы на хвалюючыя яго пытанні. Галоўнае ж, што, на мой погляд, прагучала і ў дакладзе Прэзідэнта, і ў змястоўных выступленнях дэлегатаў, якія працуюць ва ўпраўленчых органах, на вытворчасці ці яшчэ нават вучацца, адзінадушнае памкненне да таго, каб у нашай рэспубліцы была спакойная і стабільная абстаноўка, якая дазваляе яе людзям звыкла жыць, працаваць і самарэалізоўвацца.

Такіх станоўчых прыкладаў, на погляд Н. Пучынскай, шмат і ў нашым раёне. Адзін з іх – і«Браслаўрайгаз», дзе існуе рацыянальная арганізацыя працы і вытворчай дысцыпліны, узорна дагледжаны памяшканні і тэрыторыя, годная зарплата. Таму супрацоўнікам упраўлення ёсць чым і ганарыцца, і даражыць.

Казімір ПЯТУШКА.