Арт-студыя ў кватэры. Пачытайце пра творчую браслаўскую сям’ю

Общество
«Выяві ў сабе мастака» такую назву мае аўтарская сістэма педагога з 30-гадовым стажам работы і вышэйшай педагагічнай катэгорыяй Галіны Ставіцкай, па якой цяпер яна ва ўласнай кватэры-студыі навучае дзяцей рознага ўзросту азам выяўленчага мастацтва і ўдасканальвае іх навыкі.
ЛЁС ЗВЯЗАЎ З МАСТАЦТВАМ

Сям’ю Ставіцкіх – Міхаіла і Галіну, іх дачку Ганну – яднаюць не толькі роднасныя і кроўныя сувязі. Іх звязвае яшчэ і прага да творчасці: усе трое атрымалі дыплом па спецыяльнасці «выяўленчае мастацтва, чарчэнне і працоўнае навучанне» на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта і ў розных накірунках рэалізоўваюць свае творчыя здольнасці. Сын Андрэй – інжынер-канструктар, дзе таксама работа патрабуе натхнення, да таго ж у свой вольны час ён захапляецца мастацкай фатаграфіяй.

Як у Галіны, так і ў Міхаіла былі падставы, каб звязаць свой лёс з творчасцю. Бацька Галі без спецыяльнай адукацыі добра маляваў. Божы дар перайшоў і дачцэ, якая ўжо з сёмага класа мэтанакіравана рыхтавалася да выбару прафесіі. Пасля школы для народжанай у Латвіі, але рускай па нацыянальнасці напярэдадні распаду СССР не існавала магчымасцей паступіць па абранай спецыяльнасці ў нацыянальную ВНУ. Тым не менш Галіна і сёння з вялікай удзячнасцю ўспамінае карэнную латышку з метадычнага кабінета РАНА, якая дапамагла ёй атрымаць рэспубліканскае накіраванне Латвіі на навучанне ў Віцебскім дзяржуніверсітэце.

Лёсавызначальны паварот: у незнаёмай для яе Беларусі маладая дзяўчына з Латвіі набыла любімую прафесію, сустрэла каханага, атрымала грамадзянства, нарадзіла дзяцей і адчувае сябе шчаслівай у браслаўскай кватэры з відам на возера.

Карані ж Міхаіла – на друйскай зямлі. Яго бацька Тадэвуш, майстар вытворчага навучання Друйскага сельскагаспадарчага вучылішча, сумесна з іншымі майстрамі сканструявалі ў свой час некалькі «жывых» макетаў экскаватараў, якія на ВДНГ у Маскве атрымалі дыплом першай ступені. І гэта адна з падстаў, якая вабіла хлопчыка майстраваць. Але погляды маці на далейшы лёс сына былі іншымі: яна бачыла ў ім музыканта.

– Шэсць гадоў я неахвотна ездзіў з Друі ў Браслаў у музычную школу, – прызнаецца цяпер Міхаіл Ставіцкі, – каб атрымаць дыплом па класе баяна , але потым амаль не браў яго ў рукі. Стаяў ён у футляры больш як экспанат.

Нельга сказаць, што ў сям’і Ставіцкіх не існавала схільнасці да музыкі. Стрыечная сястра Міхаіла Святлана, да прыкладу, з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў па класе акардэона. У яго ж зусім іншы напрамак дзейнасці. Настаўнік вышэйшай катэгорыі цяпер упэўнены, што прымусу не месца ў адукацыі. Галоўная задача бацькоў і школы – змалку распазнаць схільнасці дзіцяці і даць прастору для іх развіцця. І гэтай справе Міхаіл прысвяціў ужо 30 гадоў свайго жыцця.

ПАМКНЕННЕ ДА САМАРЭАЛІЗАЦЫІ

Творчыя людзі заўжды знаходзяцца ў пошуку шляхоў сваёй самарэалізацыі. Гэта той кантынгент людзей, якіх не заўжды задавальняюць умовы і ўзровень аплаты працы ў дзяржустановах, таму яны спрабуюць самастойна зарабляць сабе на хлеб.

Першай такой смелай у сям’і Ставіцкіх аказалася Ганна: пасля ўніверсітэта (альтэрнатывы жывапісу нават не ўяўляла сабе ў выніку адбітку зносін паміж бацькамі і іх сябрамі) яна 2 гады адпрацавала на сваёй малой радзіме метадыстам па ткацтве (прыкладное мастацтва прыцягвала больш, чым педагогіка). А калі скончыўся тэрмін кантракту, не захацела надалей супрацоўнічаць на акрэсленых умовах. Як беспрацоўная прайшла ад цэнтра занятасці курсы перападрыхтоўкі і са снежня 2018 года аказвае сваім землякам і турыстам паслугі майстра па манікюры і педыкюры.

Па прыкладзе дачкі і Галіна вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці самастойнага педагагічнага работніка – адмовілася заключаць новы кантракт на 5 гадоў, у сваёй кватэры абсталявала студыю выяўленчага мастацтва і стала аказваць дзецям з розных куткоў Браслаўшчыны рэпетытарскія паслугі. І гэтая ўласная справа аказалася вельмі запатрабаванай: сёння Галіна запісвае падлеткаў у ліст чакання для ўключэння ў яе творчыя групы ўжо на наступны год.

Міхаіл працягвае на сваёй малой радзіме ў Друі займацца працоўным навучаннем школьнікаў. А паралельна ён рамеснік, які ўсё сваё дарослае жыццё ствараў для родных і сяброў сувеніры з дрэва, гліны, металу і іншых матэрыялаў. Цяпер ён задаволены тым, што дзяржава дала магчымасць рамеснікам за дэмакратычную аплату (нягледзячы на яе сёлетні рост у 2 разы) афіцыйна рэкламаваць свае вырабы і прадаваць іх на розных пляцоўках. Асабіста для Міхаіла гэта больш не прыробак да зарплаты, а спосаб самарэалізацыі, бо ўсе яго творчыя работы эксклюзіўныя. Напрыклад, паўгода свайго вольнага часу Міхаіл аддаў на тое, каб з незлічонай колькасці дробных саломінак стварыць ікону памерам 50 на 70 см па матывах «Валадаркі браслаўскіх азёр». Атрыманая майстрам удзячнасць ад кардынала з Германіі за ўзорнае яе выкананне – найвышэйшая ўзнагарода для душы.

Пасля трох гадзін зносін з людзьмі, за палётам задум якіх нельга і паспець, я зразумеў, што нездарма свае квадратныя метры ў шматкватэрным доме Ставіцкія інакш не называюць, як майстэрня, кватэра-студыя, бо тут сапраўды нараджаецца і жыве творчасць. ■

Казімір ПЯТУШКА