VI Усебеларускі народны сход: аналіз праблем і погляд у будучыню

VI Усебеларускі народны сход
Асноўныя тэзісы з выступлення на УНС Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Пытанні, узнятыя народам

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў мясцовым органам улады за правядзенне напярэдадні форуму дыялогавых пляцовак у розных гарадах, дзе людзі змаглі абмеркаваць існуючыя праблемы і прапанаваць варыянты іх вырашэння. «Гэта дало магчымасць выказаць свой пункт гледжання вельмі-вельмі многім людзям», – сказаў беларускі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што не трэба чакаць ад форуму вырашэння глабальных праблем. «Мы іх абазначаем, гаворым пра тое, як будзем развівацца ў будучую пяцігодку», – падкрэсліў ён.

Канстытуцыя і палітычнае ўпарадкаванне

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што змяненне Канстытуцыі – не новая для нас тэма. «Да канца гэтага года праект Канстытуцыі будзе гатовы, і ён будзе на працягу года абмеркаваны ўсенародна. А ў пачатку наступнага года, як мінімум, мы вынесем яго на рэферэндум», – сказаў Аляксандр Лукашэнка і звярнуў увагу, што пад новую Канстытуцыю давядзецца перафармаціраваць многія законы, змяніць заканадаўчую базу.

Справядлівасць – аснова сацыяльнага кантракта

«Задача дзяржавы – стварыць такія ўмовы ўзаемадзеяння паміж сацыяльнымі групамі, каб яны ўсімі і кожным выконваліся і ўспрымаліся як справядлівыя. Менавіта справядлівасць з’яўляецца асновай грамадскага дагавора, або так званага сацыяльнага кантракта, які павінен знайсці адлюстраванне ў Канстытуцыі», – падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, інтарэсы беларусаў зроблены прыярытэтам і эканамічнай палітыкі, а сацыяльная дзяржава – наш нязменны нацыянальны брэнд. Тут маюцца на ўвазе такія найважнейшыя інстытуты, як салідарная пенсійная сістэма, бясплатная для ўсіх ахова здароўя і адукацыя, падтрымка шматдзетных сем’яў і іншых катэгорый насельніцтва. Дзяржава гатова іх захаваць і дапоўніць новымі элементамі.

Пра пераразмеркаванне паўнамоцтваў

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра пераразмеркаванне паўнамоцтваў унутры ўладнай вертыкалі. Ён адзначыў, што гэта ўжо робіцца, але разам з паўнамоцтвамі пераходзіць і вялікая доля адказнасці.

«З сацыялагічнага даследавання: людзі за перадачу паўнамоцтваў ад Прэзідэнта іншым структурам. Але трэба разумець: Прэзідэнт, вядома, па сігнале людзей умяшаецца, калі трэба, у гэты працэс, але гэта не яго будуць функцыі і паўнамоцтвы, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Таму пераразмяркоўваць паўнамоцтвы мы будзем. Радыкальна».

Разам з тым А. Лукашэнка ўпэўнены: Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай, але ў краіне неабходна больш цесна заняцца і партыйным будаўніцтвам.

Інфармацыйная і нацыянальная бяспека

Беларусі неабходна процістаяць усім знешнім выклікам і не дапусціць паўтарэння хваляванняў, якія прайшлі па краінах постсавецкай прасторы раней.

«Нашы інтарэсы рэальна хвалююць толькі нас. І толькі такая моцная дзяржава, як наша, можа забяспечыць іх абарону і захаванне», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На гэтым фоне беларускі лідар абазначыў шэраг задач, сярод якіх павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, забеспячэнне новага ўзроўню камунікацыі ўлады і грамадства, стварэнне ўмоў для раскрыцця патэнцыялу чалавека, рэалізацыі яго магчымасцей, забеспячэнне якаснага росту эканомікі на аснове ініцыятывы, інавацый і сучаснага кіравання. Паводле слоў Прэзідэнта, таксама трэба вызначыць бягучыя і доўгатэрміновыя прыярытэты дзяржавы на знешнім контуры.

Беларусі неабходна абнавіць і канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Варта мадэрнізаваць і інфармацыйную палітыку, бо цяпер бяспека інфармацыйная становіцца галоўным слабым месцам. «І гэта пяцігодка стане перыядам інфармацыйнага выбару. Разумею, што гэта гучыць дзіка і непрыемна, але бліжэйшыя гады вызначаць: ці станем мы канчаткова рабамі чужых і далёкіх для нас ідэй або захаваем інфармацыйны суверэнітэт», – заявіў Прэзідэнт.

Знешняя палітыка

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў нязменную ролю Беларусі як донара стабільнасці ў рэгіёне. Ён нагадаў, што наша краіна застаецца стабільным, надзейным партнёрам у сферы рэгіянальнай бяспекі, гатовым актыўна ўдзельнічаць у міратворчых стратэгічных ініцыятывах і быць пляцоўкай для перагавораў.

«Акрамя таго, Беларусь выступала і будзе выступаць за эканамічную інтэграцыю на постсавецкай прасторы як у двухбаковым, так і шматбаковым фармаце», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што Саюз Беларусі і Расіі ад кааперацыі ў ЕАЭС і СНД вызначае больш глыбокая інтэграцыя і ў іншых сферах, у тым ліку ў палітыцы і абароне. «І сёння мы адкрыта заяўляем пра гатоўнасць да далейшай прадметнай работы па павышэнні міжгаліновага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы пры захаванні ўзаемных інтарэсаў на аснове раўнапраўя двух удзельнікаў саюза», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэты працэс прадугледжвае поўнае захаванне суверэнітэту абедзвюх краін без фарміравання якіх-небудзь новых наднацыянальных органаў.

Пры гэтым Беларусі важныя адносіны і з ЕС, але Расія застаецца асноўным стратэгічным саюзнікам. Не менш значным вектарам для нашай дыпламатыі з’яўляюцца краіны так званай далёкай дугі, дзе важнае месца займае блізкі, нягледзячы на геаграфію, і дружалюбны нам Кітай.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не бачыць важкіх прычын адмаўляцца ад такой шматвектарнасці.

Эканоміка: развіццё і стратэгія на будучыню

Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі трэба развіваць тыя галіны, у якіх ёсць кампетэнтныя спецыялісты. Акрамя таго, у планах на наступную пяцігодку стварыць буйныя прамысловыя кластары: да буйных кампаній далучацца малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія будуць вырабляць неабходныя камплектуючыя. Па меркаванні А. Лукашэнкі, у інтарэсах Беларусі таксама стварэнне паўнацэннага эканамічнага саюза ў рамках ЕАЭС. Важна пашырыць інвестыцыйную прысутнасць у нашай краіне вядучых кітайскіх кампаній і банкаў.

У 2021 годзе Беларусь павінна цалкам завяршыць мадэрнізацыю двух сваіх НПЗ. Сучасныя тэхналогіі ўкараняюцца таксама ў касмічнай галіне, ваенна-прамысловым комплексе, біяхіміі, электратранспарце. Адкрыта вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Доля беларускіх лякарстваў складае на ўнутраным рынку больш за 50 %, цяпер задача – падысці да 70 – 75 %.

Будуць захаваны і традыцыйныя галіны і вытворчасці ў Беларусі. «Што нам дасталося ад Савецкага Саюза, мы нічога не закрылі. Нават стратныя прадпрыемствы мы спрабуем падтрымаць, таму што там людзі, якія ўмеюць рабіць добрую прадукцыю. Проста ўстарэла вытворчасць, трэба яе мадэрнізаваць», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтай пяцігодцы ўвагу ўдзеляць імпартазамяшчэнню. Плануецца асвоіць выпуск амаль 300 відаў імпартазамяшчальных тавараў, з іх не менш як 10 % – абсалютна новыя для Беларусі.

Прэзідэнт таксама назваў «сур’ёзным рычагом для эканамічнай бяспекі» выкарыстанне мясцовай сыравіны (дрэва, льну, скуры, торфу). Патрабуюць нарошчвання глыбіня перапрацоўкі другаснай сыравіны і маштабы выкарыстання электраэнергіі, у тым ліку і ў жыллёвым сектары.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі пайшлі па правільным шляху, развіваючы сельскую гаспадарку. «Выратавалі вёску, далі магчымасць працаваць – і сельская гаспадарка стала прыбытковым бізнесам, тым не менш многае яшчэ трэба зрабіць», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння неабходна ўкараняць новыя адаптыўныя сістэмы земляробства і тэхналагічныя рэгламенты, забяспечыць арганізацыі АПК надзейным абсталяваннем, паглыбіць сельгаскааперацыю.

Што тычыцца прыватнага бізнеса, то, паводле меркавання кіраўніка дзяржавы, нам патрэбны ініцыятыўныя людзі, але яны павінны працаваць перш за ўсё ў інтарэсах дзяржавы, а не на яе разбурэнне. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу і на пытаннях справядлівасці, сацыяльнай адказнасці бізнесу: «Багаты – заплаці больш, падтрымай беднага. Таму што гэтыя няшчасныя на цябе працуюць і дзякуючы ім ты маеш сёння мільёны».

З такога пункту гледжання Аляксандр Лукашэнка даў бізнесу параду: «Калі зарабілі шмат – шмат дапамажыце. Калі зарабілі мала – ніхто з вас не сарве і не запатрабуе».

Медыцына

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за работу медыцынскаму персаналу і ўрачам, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з пандэміяй. Ён адзначыў, што асабіста пабываў у многіх бальніцах, дзе аказваюць дапамогу хворым з каранавірусам, наведваў рэанімацыі і чырвоныя зоны і ведае, наколькі самаахвярна, аддана сваёй справе працуюць медыкі. «У гісторыю нашай краіны 2020 год увойдзе як год мужнасці беларускіх медыкаў», – заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Беларусь мае якасную сістэму аховы здароўя, якая развіваецца з году ў год. У прыватнасці, за апошні час узрасла як колькасць практыкуючых урачоў, так і колькасць медыцынскіх устаноў.

На гэтым фоне на УНС прапанавана  рэалізаваць праект «Здаровая нацыя». У ім будуць наступныя асноўныя раздзелы: «мабільная медыцына», «крокавая даступнасць меддапамогі», «дзень здароўя», «клапатлівая паліклініка», «адпачынак для здароўя», «высокатэхналагічная медыцына ў рэгіёнах».

Сацыяльная палітыка

«Галоўны арыенцір – гэта чаканні, імкненні, магчымасці развіцця сучаснага чалавека. Паколькі якія б мы ні ставілі мэты, галоўным рэсурсам у іх дасягненні застаюцца людзі – таленавітыя і працавітыя, адданыя сваёй зямлі. На кожным з беларусаў ляжыць адказнасць за лёс краіны. І галоўнае – ва ўсіх ёсць роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і мяняць жыццё ў Беларусі да лепшага. У гэтым сутнасць справядлівасці, запатрабаванне на якую ў свеце, як бачым, толькі расце. У гэтым сэнс нашай мадэлі сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая даказала сваю жыццяздольнасць, нягледзячы на сусветныя санкцыі і палітычны націск», – сказаў Прэзідэнт.

Ён зрабіў акцэнт на выніках развіцця Беларусі за гады суверэнітэту, падкрэсліўшы, што краіна дасягнула поспехаў у розных галінах – ад жыллёвага будаўніцтва да асваення касмічных тэхналогій.

«Чалавечы капітал – гэта галоўны рэсурс краіны, на развіццё якога мы заўсёды знойдзем сродкі. Аднак якім ён будзе, якім будзе наш бюджэт і колькі заробім, залежыць ад нас, ад сумленнасці і ад таго, як мы будзем плаціць падаткі. А задача дзяржавы – зрабіць так, каб заплаціць падаткі было лёгка і зразумела, падатковая нагрузка была справядлівай», – падкрэсліў беларускі лідар.

Пра зарплаты

За мінулае пяцігоддзе даходы насельніцтва ў рэальным выражэнні павялічыліся на 15 %, сярэдняя зарплата перасягнула Br1,2 тыс. «Можа, гэта і няшмат, але не трэба забываць, што ў дапаўненне да гэтых грашовых даходаў беларускія грамадзяне маюць сацыяльны пакет: ільготы па ЖКГ, транспарце, школьным харчаванні, ужо раней названыя бясплатная адукацыя і медыцына.

Адстаюць па зарплаце сельская гаспадарка, сфера сацыяльных і жыллёвакамунальных паслуг, асобныя катэгорыі бюджэтнікаў яшчэ небагатыя. Дзяржава бачыць гэтыя праблемы і працуе над іх вырашэннем. Думаю, гэта правільна – павышаць узровень зарплат і планку павагі грамадства да людзей сацыяльных прафесій. За будучае пяцігоддзе іх даходы істотна падцягнуцца, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Так, зарплату педагагічных работнікаў давядзём да сярэдняй па краіне. Урачы ў 2025-м будуць атрымліваць у 1,5 разу больш за сярэднюю рэспубліканскую зарплату. Медсёстры, сацработнікі, занятыя ў сферы культуры будуць мець даход у наступнай пяцігодцы не ніжэйшы за сярэдні ў бюджэтным сектары».

Для дасягнення агучанага кіраўнік дзяржавы канстатаваў важнасць стварэння новых вытворчасцей і працоўных месц, укладанняў у развіццё розных галін.

Паводле яго слоў, у цэлым ураду ставіцца задача нараўне з развіццём вытворчасцей працаваць і над павышэннем зарплат работнікаў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава дапамагла зарабляць у сярэднім прыкладна $500, але далей павінны прыкласці намаганні і самі людзі.

Кантроль за цэнамі

«Кантроль за цэнаўтварэннем застанецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай фінансавай палітыкі. У мінулай пяцігодцы мы паказалі, што можам дабівацца нізкай інфляцыі – на ўзроўні 5 – 6 % у год. Гэта гістарычны мінімум для нашай краіны. Але простаму чалавеку патрэбны не агульны індэкс цэн, а цэннікі, якія ён бачыць на паліцах у магазінах», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за цэнаўтварэннем у Беларусі сочыць Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Да работы ў гэтым напрамку па просьбе Прэзідэнта раней таксама падключыліся дэпутаты і прафсаюзы. Такі крок сябе апраўдаў.

Удасканаленне пенсійнай сістэмы

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава абавязана прыкласці максімум намаганняў, каб жыццё чалавека ва ўзросце было паўнацэнным і актыўным, і яна выконвае свае абавязацельствы па пенсійным забеспячэнні, адаптуючыся да новых рэалій. Так, з 2018 года сярэдні рост пенсій апярэджвае інфляцыю, гэта значыць, іх памер перакрывае дынаміку цэн.

Разам з тым Прэзідэнт прызнаў, што ўзровень пенсій не такі высокі, як хацелася б. У сувязі з гэтым ён прапанаваў далейшае ўдасканаленне пенсійнай сістэмы, у тым ліку паэтапна ўкараняць накапляльную пенсійную сістэму. Прэзідэнт прапанаваў падрыхтаваць праграму «3+3»: работнік зможа пералічваць на свой асабісты пенсійны рахунак да 3 % ад зарплаты, столькі ж дабавіць і работадавец.

Інавацыі шматдзетнасці

Кіраўнік дзяржавы, па-першае, прапанаваў пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу. «Другое: маці з трыма дзецьмі не хатняя гаспадыня. Праца маці павінна ацэньвацца гэтак жа, як і любая іншая. Маці чацвярых дзяцей – зарабіла будучую працоўную пенсію. Пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці прадаставіць шматдзетнай маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае стаж работы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што насельніцтва Беларусі за апошніх пяць гадоў скарацілася на 90 тысяч чалавек. «Каб зямлю апрацоўваць і жыць у краіне, патрэбны людзі, гэта галоўнае. Нам трэба мінімум 15 млн, а лепш 20 млн чалавек насельніцтва, а мы гэту тэндэнцыю змяншэння не пераламалі. І гэта ў будучым можа стаць не проста праблемай, а катастрофай. Тады на нас будуць глядзець іншыя густанаселеныя раёны для таго, каб прыехаць і ў нас жыць. Мы не супраць таго, каб да нас прыязджалі і жылі, але ў пераважнай большасці тут павінны жыць беларусы, каб гэта зямля заўсёды была беларуская. А для гэтага трэба сёння падтрымліваць маці, якія нараджаюць, вось і ўсё. Шматдзетным сем’ям, нараджальнасці мы павінны ўдзяліць асаблівую ўвагу», – лічыць Прэзідэнт.

Моладзь і адукацыя

«Моладзь – яна ні дрэнная, ні добрая. Яна іншая. Таму і падыходы ў размовах і выхаванні павінны быць іншыя, і мы ведаем якія. Толькі трэба варушыцца. Інакш можам страціць гэту моладзь», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што маладыя людзі павінны засвоіць: без цяжкай працы, здольнасцей і таленту багатым нельга стаць. Аднак не ўсе стараюцца вучыцца ў школе, час паказаў, што не ўсе цэняць паступленне ў ВНУ, дадаў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў, што патрабуе ўдасканалення беларускай сістэмы адукацыі.

Паводле яго слоў, трэба актыўней укараняць у навучальны працэс найноўшыя тэхналогіі. Улічваючы падзеі мінулага года, больш сур’ёзна паставіцца да пытання дыстанцыйнага навучання. Таксама дыферэнцыравана трэба падысці да фармату ўступнай кампаніі.

У той жа час у Беларусі не будуць адмаўляцца ад прынцыповых падыходаў – дзяржпадтрымкі, мэтавага набору, бясплатнасці, справядлівасці і роўнага доступу да якаснай адукацыі, гарантаванага першага працоўнага месца. Не зменіцца класна-ўрочная сістэма. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што настаўнікаў неабходна вызваліць ад папяровай валакіты. ■