У Браславе адбыўся мітынг-рэквіем з нагоды дня воінаў-інтэрнацыяналістаў

Общество
У памятны для воінаў-інтэрнацыяналістаў дзень прадстаўнікі раённага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» па традыцыі наведалі магілу загінулага Валерыя Александровіча і пахаванні на гарадскіх могілках сваіх таварышаў, якія памерлі ўжо ў мірны час, ушанавалі іх памяць і ўсклалі кветкі. А потым каля памятнага знака воінам-афганцам у Браславе адбыўся мітынг-рэквіем.

Аддаць даніну павагі ўдзельнікам той працяглай вайны прыйшлі многія: кіраўніцтва раёна, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі.

Сёлета споўнілася 32 гады, як закончылася ваенная аперацыя абмежаванага кантынгенту ў Афганістане. У Беларусі свята захоўваюць памяць пра ўдзельнікаў той вайны. Адкрываючы мітынг смутку, старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін заўважыў, што для ветэранаў Афганістана гэта дзень пашаны і павагі, а для маладога пакалення – урок мужнасці і патрыятызму. Звяртаючыся да воінаў-інтэрнацыяналістаў, кіраўнік раёна, у прыватнасці, адзначыў:

– Вы змаглі пераадолець фізічныя і маральныя цяжкасці, абапіраючыся найперш на вернасць воінскаму абавязку, салідарнасць і ўзаемную падтрымку. Менавіта сёння, калі патрыятычнае выхаванне становіцца адным з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі, ваш бясцэнны вопыт і вытрымка неабходны ў агульнай справе, мэта якой – фарміраванне ў моладзі не фармальнай, а прынятай сэрцам і душой грамадзянскай адказнасці за лёс сваёй краіны. На мужнасць «афганцаў», іх смеласць і вытрымку, нягледзячы на раненні, кантузіі і калецтва, а ў мірным жыцці – годны прыклад для моладзі – звярталі ўвагу таксама ваенны камісар Мікалай Скаўронскі, старшыня раённага аб’яднання Леанід Мікшта. З гонарам гаварылі пра сваіх дзядуляў і ўнучкі афганскіх ветэранаў.

Вядучыя мітынгу пайменна назвалі воінаў-інтэрнацыялістаў з Браслаўшчыны, якія пайшлі з жыцця ў мірны час, а школьнікі паднеслі да стылізаванага чорнага цюльпана, сімвала смутку і жалобы, крохкасці жыцця, запаленыя свечкі. Гэтым экспанатам папоўніцца цяпер экспазіцыя школьнага музея. Пад залпы аўтаматаў памяць пра памерлых ушанавалі мінутай маўчання. Завяршыўся мітынг смутку ўскладаннем вянкоў і кветак ад мясцовай улады і грамадскасці да памятнага знака. Разыходзіліся людзі з мітынгу-рэквіема пад запамінальныя словы вядучых: «Без мінулага няма сучаснага, не можа быць і будучыні». ■

Казімір ПЯТУШКА