Аляксандр Лукашэнка: правесці VI Усебеларускі народны сход трэба на самым высокім узроўні

VI Усебеларускі народны сход
Правесці VI Усебеларускі народны сход трэба на самым высокім узроўні. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення УНС.

«Па-першае, неабходна паглядзець, ці ўсё гатова для сустрэчы дэлегатаў. У сталіцу прыедуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, прадстаўнікі ўсіх груп, як прынята гаварыць, нашай грамадзянскай супольнасці, грамадскіх арганізацый, палітычных партый, працоўных калектываў, асобных рэгіёнаў. Таксама будуць запрошаны госці, – сказаў Прэзідэнт. – Людзі, якія прыбылі з рэгіёнаў, павінны адчуваць сябе як дома, яны прыехалі да сябе дамоў, у сталіцу нашай радзімы. Таму неабходна забяспечыць бяспеку, камфортныя ўмовы работы і адпачынку ўдзельнікаў сходу, адпаведным службам неабходна ўзяць на пастаянны кантроль усе гэтыя пытанні».

Па-другое, фармат форуму трэба эфектыўна выкарыстоўваць для вырашэння найбольш актуальных пытанняў. «Тут збяруцца людзі розных узростаў, прафесій і сацыяльных статусаў. За імі – тысячы, мільёны беларускіх людзей, працоўных калектываў. Гэтых людзей выбраў народ. Мы павінны пачуць голас кожнага, увесь спектр меркаванняў, які ёсць сёння ў рэспубліцы, па самых розных пытаннях нашага жыцця», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па-трэцяе, Прэзідэнт заявіў пра неабходнасць напярэдадні сходу яшчэ раз больш дэталёва прапрацаваць праблемы, якія хвалююць людзей. Ён нагадаў, што раней у абласцях прайшло абмеркаванне асноўных напрамкаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і шэрага іншых пытанняў, якія людзі выказалі на дыялогавых пляцоўках.

Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў работу памочнікаў Прэзідэнта, упаўнаважаных па абласцях і асабліва губернатараў па арганізацыі дыялогавых пляцовак на месцах.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках работы Усебеларускага народнага сходу звычайна прымаецца рэзалюцыя, у якой абагульнены канцэптуальныя палажэнні. А больш дэталёвая прапрацоўка тых ці іншых пытанняў, іх канкрэтызацыя ўвасабляецца ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Прэзідэнт адзначыў, што людзей у Беларусі цікавяць розныя пытанні. «У аснове ўсіх пытанняў – эканоміка. І надзённыя пытанні жыцця людзей: цэнаўтварэнне, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, працоўныя месцы, заработная плата і гэтак далей, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Паступае шмат прапаноў у галіне грамадска-палітычнага развіцця. Нашы грамадзяне сёння неабыякавыя да лёсу краіны, асабліва востра адчуваюць цяперашні адказны перыяд, калі ўсе мы павінны быць разам, павінны быць адзіныя, каб захаваць незалежную беларускую дзяржаву».

Тым часам усе канструктыўныя думкі і разумныя ініцыятывы, выказаныя людзьмі ў час падрыхтоўкі да шостага Усебеларускага народнага сходу, сакумуліраваны. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

У перыяд падрыхтоўкі да сходу гучалі розныя ацэнкі, прапановы, меркаванні. Яны, паводле слоў прэм’ер-міністра, былі «даволі дыверсіфікаваныя». «Важна, што людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтым працэсе, – гэта тыя, хто хацеў там быць, і тыя, каго на справе непакоіць будучыня нашай Радзімы, якія перажываюць, бачаць напрамкі мадэрнізацыі, развіцця краіны. Галоўнае, яны ўсе зараджаны на пазітыў. У людзей ёсць розныя пункты гледжання, але канчатковая мэта адна – зрабіць нашу краіну лепшай», – падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада Р. Галоўчанка.

Паводле яго слоў, прапановы, якія паступілі ад грамадзян, прадметна прааналізаваны, уключаны ў матэрыялы, што рыхтуюцца да сходу, і будуць улічаны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і, магчыма, пакладзены ў аснову падагульняючых дакументаў Усебеларускага народнага сходу. ■