Сяргей Ракаў: «Упэўнены, торфу знойдзецца месца сярод крыніц энергабяспекі краіны»

VI Усебеларускі народны сход

Дэлегатам на Усебеларускі народны сход Сяргея Ракава, дырэктара прадпрыемства паліўнай прамысловасці «ТБЗ Браслаўскі», абрала абласная арганізацыя галіновага прафсаюза. А гэта як мінімум азначае давер падначаленых работнікаў наймальніку за аптымальную арганізацыю вытворчых працэсаў і клопат пра бяспеку іх працы і сацыяльную абарону.

Сяргей Ракаў лічыць, што выкананне вытворчых паказчыкаў у прамым сэнсе залежыць ад клімату ў калектыве, ад таго, наколькі людзі адчуваюць сваю абароненасць на працоўным месцы, за якое варта трымацца. І сёння прадпрыемства стабільна працуе з чыстым прыбыткам, што дазваляе, акрамя сярэдняй зарплаты ў памеры 932 руб. (тэмп росту 102 %) па выніках мінулага года, згодна з калектыўным дагаворам паміж наймальнікам і прафсаюзам аказваць матэрыяльную дапамогу работнікам з нагоды шлюбу, пры нараджэнні дзіцяці, да прафесійнага свята, юбілею супрацоўнікаў, перад выхадам іх на пенсію, падчас знамянальных дат, такіх як Новы год, дні абаронцаў, жанчын, маці, пажылых людзей і г. д.

На заводзе строга прытрымліваюцца патрабаванняў нарматыўных актаў па ахове працы, у тым ліку забеспячэння спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай абароны, створаны тут і выдатныя санітарна-бытавыя ўмовы. Нездарма «ТБЗ Браслаўскі» па выкананні мерапрыемстваў аховы працы і тэхнікі вытворчай бяспекі на рахунку лепшых прадпрыемстваў у раёне і паліўна-энергетычнай галіне.

У свае 35 год Сяргей Ракаў – перспектыўны малады кіраўнік. Пасля заканчэння ў 2008 г. Беларускага дзяржуніверсітэта па спецыяльнасці «фізік, упраўленчая дзейнасць» з кваліфікацыяй менеджара ён пачаў працоўную дзейнасць інжынерам па ахове працы ў ДЭУ-34. Хутка актыўны малады чалавек быў заўважаны, яго дзелавыя і арганізатарскія здольнасці аказаліся запатрабаванымі: усяго толькі за 12 гадоў працоўнага стажу Сяргей паспеў пакіраваць базай адпачынку нацыянальнага парка, філіялам «Еўрагандлю», эканомікай раёна і са жніўня 2018 г. узначальвае торфабрыкетны завод. А яшчэ ён вядомы многім браслаўчанам як адзін з арганізатараў і заўзяты ўдзельнік інтэлектуальных гульняў, бо сам лічыць: мозг заўжды трэба трымаць у тонусе.

Тым часам праведзеная рэканструкцыя дазволіла прадпрыемству выйсці на праектную магутнасць вытворчасці 40 тысяч тон брыкетаў у год – на 25 – 30 % больш, чым раней. Нягледзячы на рост канкурэнцыі з боку газу і электраэнергіі для патрэб ацяплення, Сяргей Ракаў упэўнены, што ў «ТБЗ Браслаўскага» трывалыя перспектывы. Торфабрыкетны завод – адзіны такі ў Віцебскай вобласці, патрэбнасць якой у тарфяным паліве для насельніцтва складае пры кліматычнай норме тэмпературы паветра 60 – 70 тыс. тон брыкетаў.

– Акрамя таго, – кажа дырэктар, – мы знаходзімся побач з еўрапейскай граніцай. У Заходняй Еўропе чамусьці аднеслі торф да прыродных рэсурсаў, якія не аднаўляюцца. Пры такіх абставінах мы не ўпускаем сваю эканамічную выгаду. Нягледзячы на нюансы перасячэння мяжы фізічнымі асобамі ў сувязі з пандэміяй, тэмп росту экспарту торфабрыкетаў у мінулым годзе склаў 233 %. Разам з тым імкнёмся скарачаць выдаткі, эканоміць фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы: летась на прадпрыемстве ўдалося зменшыць затраты на 2 %, у тым ліку на 2,7 % па энергазберажэнні.

Дарэчы, Міністэрства энергетыкі ўжо рэалізуе праекты з выкарыстаннем торфу не для ацяплення, а ў тэхналогіі вытворчых працэсаў. Таму не шкадуе сродкаў для новых торфараспрацовак і для браслаўскага завода. Летась, напрыклад, міністэрства выдаткавала на гэтыя мэты каля трох мільёнаў рублёў, і на сёлетні год іх запланавана не менш за 4 млн.

Як дэлегат народнага форуму малады кіраўнік, безумоўна, ганарыцца аказаным яму даверам, у той жа час адчувае ўскладзеную на яго плечы адказнасць за прыняцце рашэнняў, якія будуць асвятляць рух Беларусі наперад. Ён упэўнены, што ў шэрагу дакументаў знойдзе адлюстраванне і выкарыстанне тарфяных рэсурсаў – адной з крыніц энергабяспекі краіны, якая ў літаральным сэнсе знаходзіцца ў нас пад нагамі. ■

 

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара