Браслаўскія ратавальнікі праводзяць прафілактычныя рэйды ў жылым сектары

Безопасность

З пачатку года на тэрыторыі раёна ўжо адбыліся тры пажары. Каб папярэдзіць такія трагедыі, работнікі РАНС адпраўляюцца ў рэйды, у тым ліку па домаўладаннях. На гэтым тыдні ратавальнікі ў складзе назіральнай камісіі пабывалі на тэрыторыі Слабодкаўскага сельсавета.

Асаблівая ўвага падчас чарговага прафілактычнага рэйду надавалася грамадзянам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі: адзінокім пенсіянерам, пажылым, людзям з інваліднасцю. У гэтым жа спісе – сем’i, што трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця, маюць запазычанасці за камунальныя паслугі і інш.

 

РАНС НАГАДВАЕ: На тэрыторыі Браслаўскага раёна за 2020 год у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём адбылося 16 пажараў, з-за пячнога ацяплення – 12. Самае ж трагічнае, што на іх загінулі 6 чалавек, большасць з якіх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Для таго, каб прадухіліць узнікненне пажару, варта запомніць некалькі правілаў: печы і электрычныя прыборы нельга пакідаць без нагляду, пільна сачыце за іх тэхнічнай спраўнасцю, не курыце ў ложку і тым больш нецвярозымі, не пакідайце запалкі і гаручыя вадкасці ў даступным для дзяцей месцы.

 

Падчас наведвання домаўладанняў члены назіральнай камісіі інфармавалі сяльчан пра асноўныя прычыны пажараў у жылым фондзе і гібелі людзей падчас іх. Таксама асаблівую ўвагу ратавальнікі ўдзялялі стану пячнога абсталявання. У Браслаўскім раёне толькі за гэты год адбыліся ўжо два пажары па гэтай прычыне. Цікавіліся члены камісіі і электраправодкай, нагадвалі пра неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Выяўленыя недахопы ліквідавалі на месцы ці вырашалі, якім чынам іх можна выправіць у хуткім часе.

Прафілактычная работа па папярэджванні трагедый будзе працягвацца і далей, асабліва цяпер, у зімовы перыяд. У бліжэйшыя дні работнікі РАНС наведаюць іншыя населеныя пункты раёна і пагутараць пра важнасць выканання правілаў бяспекі.

 

Алена НАБЕЕВА.