«Гістарычная азбука Друі». «Браслаўская звязда» запускае праект, прысвечаны юбілею мястэчка

Общество
Аграгарадок Друя сёлета святкуе значны юбілей – 635 гадоў з першага ўпамінання ў 1386 годзе ў хроніцы М. Стрыйкоўскага. З гэтай нагоды «Браслаўская звязда» запускае новы творчы праект «Гістарычная азбука Друі». Мы штомесяц у алфавітным парадку будзем расказваць пра гістарычныя падзеі, славутасці і знакамітых асоб, што пакінулі след у летапісе населенага пункта.
АПТЭКА

Адна з першых аптэк на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны з’явілася ў 1810 годзе менавіта ў Друі. Так, 19 сакавіка гэтага года па хадайніцтве князя Мікалая Сапегі быў падпісаны загад расійскага імператара аб адкрыцці аптэкі ў гэтым горадзе. З нешматлікіх крыніц вядома, што ёй у 1858 годзе загадваў правізар Фрыдрых Норэнберг. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ўладальнікам і загадчыкам аптэкі з’яўляўся Аўгуст Адлер, які таксама быў правізарам, у яго працавалі два памочнікі. Яшчэ А. Адлер – аўтар шэрагу выданняў фармацэўтычнага і санітарна-гігіенічнага профілю. Дарэчы, у Браславе аптэка была адкрыта толькі ў 1886 годзе.

АРХІТЭКТУРА

Музей пад адкрытым небам – так усё часцей называюць Друю. І гэта не дзіўна, бо літаральна на кожнай вуліцы тут можна знайсці дом з гісторыяй. Улічваючы, што некалі ў мястэчку дзейнічалі 4 касцёлы, 4 уніяцкія і 2 праваслаўныя царквы, размяшчаліся будынкі свецкага ды рэлігійнага прызначэння, то вандроўка па Друі можа аказацца вельмі пазнавальнай.

АЛЬТЭР ДРУЯНАЎ

Літаратар, фалькларыст, гісторык, грамадскі дзеяч. Родам з Друі, ён менавіта тут пачаў збіраць анекдоты, жарты мясцовых яўрэяў. Сур’ёзна займаўся вывучэннем яўрэйскага фальклору, пісаў публіцыстычныя творы, рабіў пераклады.

Альтэр Друянаў пасля вучобы і жаніцьбы пэўны час жыў і працаваў у Друі, потым пераехаў у Адэсу, затым – у Тэль-Авіў. У кнігу, што была выдадзена ў 1922 годзе, увайшло звыш 3 тысяч анекдотаў, якія ён збіраў больш за 30 гадоў. Увогуле ж спадчына А. Друянава выйшла ў трох тамах на мове ідыш.

АЛЕГ АРЦЕМ’ЕЎ

Расійскі касманаўт-выпрабавальнік атрада. Здзейсніў два касмічныя палёты: першы – на караблі «Саюз ТМА-12м» у сакавіку – верасні 2014 года да Міжнароднай касмічнай станцыі, другі – на ТПК «Саюз МС-08» у сакавіку – кастрычніку 2018 года. Яго бацька Герман нарадзіўся ў Друі, тут жывуць сваякі. Алег Арцем’еў неаднойчы гасцяваў на бацькаўскай радзіме, дзе яго многія ведаюць. ■