Перспектывы вялікія. Даведаліся, як плануюць выкарыстоўваць новую выставачную залу ў Браславе

Общество
Выставачная зала Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў, якая распачала сваю працу месяц назад, ужо прымае першых наведвальнікаў. Браслаўчане з цікавасцю знаёмяцца з выстаўкай, прысвечанай гораду і раёну. І гэта толькі пачатак…

Як расказала дырэктар установы Вольга Антанёнак, распрацаваны план мерапрыемстваў, якія пройдуць у новай зале. «Літаральна кожны месяц-паўтара будзе адбывацца змена экспазіцыі. Ужо ў лютым наведвальнікі змогуць пазнаёміцца, а пры жаданні – і набыць карціны мастака з ЮАР, а таксама работы мясцовых аўтараў. Ёсць і прапановы прывазных выставак (з іншых гарадоў). План мы разаслалі ва ўстановы адукацыі, каб педагогі маглі планаваць свае асветніцкія мерапрыемствы. Шэраг школ ужо праявілі зацікаўленасць», – адзначыла яна.

Пакуль для таго, каб пабываць на выстаўцы ў галерэі, неабходна звяртацца ў гісторыка-краязнаўчы музей, аднак хутка тут будзе пастаянна знаходзіцца супрацоўнік, які пры неабходнасці зможа і правесці экскурсію. Толькі на экспазіцыях ва ўстанове не плануюць спыняцца. Музейныя работнікі гатовы прапанаваць квэсты, продаж сувеніраў, правядзенне майстар-класаў і інш. У перспектывах – у памяшканнях, якія побач з экспазіцыйнай залай, зрабіць бібліятэку, дзе можна папрацаваць з выданнямі і дакументамі, што захоўваюцца ў фондах, ёсць задумка арганізаваць пакой для правядзення лекцый і тэматычных заняткаў па гісторыі і інш. ■

Алена НАБЕЕВА