Ірына Гапон: «Адукацыя павінна развівацца і надалей»

VI Усебеларускі народны сход
На шостым Усебеларускім народным сходзе, што адбудзецца ў лютым у Мінску, Браслаўшчыну будуць прадстаўляць сем дэлегатаў. Гэта людзі, якія нямала зрабілі для развіцця рэгіёна і вядомыя сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Таму не дзіўна, што ў іх шэрагу дырэктар Слабодкаўскай дзіцячага сада – сярэдняй школы Ірына Гапон.

«Вельмі дастойны дэлегат форуму, педагог-гісторык, які крочыць у нагу з часам, – так пракаментавалі ў аддзеле па адукацыі абранне яе кандыдатуры дэпутацкім корпусам раёна, адзначаючы таксама адміністрацыйную і інавацыйную дзейнасць, зладжанасць навучальнага працэсу і выніковасць работы ў школе. – Ірына Іосіфаўна заўсёды робіць сваю справу спакойна, без залішняй мітусні, але пры тым надзвычай граматна».

Ужо 15 гадоў І. Гапон – дырэктар Слабодкаўскай ЯССШ. Пасада гэта асаблівая. З аднаго боку, штодзённа каардынаваць вучэбную і гаспадарчую дзейнасць, прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць – справа нялёгкая, а з другога – і ўзнагарода за яе немалая: дасягненні навучэнцаў ды добрыя словы іх бацькоў і калег вельмі многа значаць для кіраўніка школы.

Сёння ўстанова адукацыі можа заслужана ганарыцца сваімі поспехамі. Так, толькі ў мінулым навучальным годзе слабадчане заваявалі без малога 100 дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені на розных узроўнях праз удзел у алімпіядах па вучэбных прадметах і культурна-экалагічных акцыях, навукова-практычных канферэнцыях і спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах і анлайн-турнірах. Асобна варта адзначыць і міжнароднае супрацоўніцтва, напрыклад, праект «”Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва». Ірына Гапон не баіцца ўкараняць новае ў адукацыйны працэс, імкнецца са сваім педкалектывам не адставаць ад сучасных рэалій, а дзесьці – і глядзець на некалькі крокаў уперад. Пры ўсім гэтым дырэктар клапоціцца пра захаванне ў школе традыцый, і трэба бачыць, з якім натхненнем яна расказвае пра экспазіцыі выдатна абсталяванага музейнага пакоя.

Акрамя гэтага, дырэктар Слабодкаўскай школы – неабыякавы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Таму яшчэ ў 2006 годзе І. Гапон абралі дэпутатам мясцовага сельсавета, а ў 2018-м – раённага Савета. Яе дзейнасць не засталася незаўважанай: у 2016 годзе Ірына Іосіфаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама, у 2017-м – Граматай раённага Савета дэпутатаў, а яшчэ праз год ёй прысвоілі пачэснае званне «Чалавек года Браслаўшчыны». Сёлета ж дэпутаты райсавета даверылі Ірыне Гапон прадстаўляць наш раён на маштабным рэспубліканскім форуме.

Яна падзялілася з «Браслаўскай звяздой» сваімі думкамі наконт вынікаў яго работы: «Я педагог, а таму чакаю, што ў разрэзе далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны будуць прыняты рашэнні, накіраваныя на павышэнне якасці адукацыйнага працэсу, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, рост заработнай платы педагагічных і іншых работнікаў сістэмы, іх сацыяльную абароненасць. Спадзяюся, што больш увагі нададуць развіццю малых гарадоў і вёсак, сельскай гаспадаркі. Увогуле ж хочацца, каб наша Беларусь і надалей была месцам, дзе ў міры і спакоі жывуць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій, паважаюць адзін аднаго. А ўсё гэта, у сваю чаргу, залежыць ад кожнага з нас, ад нашых жаданняў, мэтанакіраванасці, працавітасці і адказнасці». ■

Жанна БЯЛЬКО