Пра што пісала «Браслаўская звязда» 50 гадоў таму назад (студзень 1971-га)

Общество
НАРАДЗІЛАСЯ ТРОЙНЯ У

першыя дні новага 1971 года ў настаўнікаў Урбанскай васьмігадовай школы Ядзвігі Юльянаўны і Анатоля Мікалаевіча Слямнёвых сям’я пабольшала адразу на трох чалавек. Ядзвіга Юльянаўна нарадзіла дзвюх дзяўчынак і аднаго хлопчыка.

НАПЕРАДЗЕ – КАМУНІСТЫ

Уключыўшыся ў сацыялістычнае спаборніцтва, калектыў рыбзавода вырашыў справіцца з планам 1-га квартала да 27 сакавіка. Барацьба за выкананне абавязацельстваў ідзе пад дэвізам «XXIV з’езду КПСС – наша ўдарная праца!». Спаборніцтва на ўсіх участках узначальваюць камуністы. За 12 дзён новай пяцігодкі ўжо выпушчана 23 тысячы банак кансерваў, 16 цэнтнераў вэнджанай рыбы.

І ЛЕЧАЦЦА, І ВУЧАЦЦА

У рэспубліканскім тубсанаторыі «Браслаў» адпачываюць і лечацца адначасова 100 падлеткаў. Хворыя знаходзяцца на лячэнні ад 6 да 12 месяцаў і атрымліваюць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу дружнага і вопытнага калектыву. Дзеці акружаны ўвагай і клопатам. Яны не толькі лечацца, але і працягваюць вучобу: ужо пяты год пры санаторыі існуе школа.

НА ЭКСКУРСІЮ Ў МАСКВУ

Група працаўнікоў сельскай гаспадаркі нашага раёна выехала ў сталіцу Радзімы – Маскву. Сярод экскурсантаў трактарысты, брыгадзір, механік, намеснік бухгалтара – усяго 30 чалавек. Браслаўчане пабываюць на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі, наведаюць музеі і тэатры. Экскурсія па сталіцы працягнецца сем дзён. У НОВЫМ СЕЛЬМАГУ Непазнавальна змянілася за апошнія гады вёска Рубеж. Калісьці на гэтым месцы, дзе рака Друйка ўліваецца ў возера, стаяла з пяток нязграбных хацін. А цяпер гэта добраўпарадкаваны пасёлак, цэнтральная сядзіба калгаса «Дружба». Той, хто бывае ў вёсцы, абавязкова наведае магазін, які вырас ля самай дарогі. Тут багаты выбар тавараў і зручны адкрыты доступ да іх.

ЦІ ДОЎГА ПРЫЙДЗЕЦЦА ЧАКАЦЬ?

Кажуць, няма горшай справы, чым чакаць і даганяць. Жыхарка в. Шакуры 19 жніўня 1970 года здала ў хімчыстку КБА на афарбоўку футра. Загадчыца абяцала, што рэч будзе гатова праз месяц. Але гэты месяц цягнецца і па сённяшні дзень. У снежні казалі, што футра будзе абавязкова, прайшоў амаль месяц новага года, а рэчы ўсё няма. Можа, прыйдзецца чакаць да 1972-га?

АТЭІСТЫЧНАЯ РАБОТА З БАЦЬКАМІ І ВУЧНЯМІ

Адной з асноўных частак ідэйна-палітычнай загартоўкі вучняў з’яўляецца атэістычнае выхаванне, якому ў Далёкаўскай СШ удзяляюць вялікую ўвагу. Настаўнікі арганізоўваюць шмат антырэлігійных мерапрыемстваў, трымаюць цесную сувязь з бацькамі. У выніку праводзімай работы вучні ў апошнія гады ўступаюць у камсамол, не наведваюць касцёл. Гэта ўжо перамога!

САЦЫЯЛЬНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ СЯЛЯН

Усеабдымная сістэма сацыяльнага забеспячэння – сведчанне клопату Камуністычнай партыі пра савецкіх людзей. Цяпер вяскоўцам, згодна са Статутам калгаса, пенсіі выплачваюцца за кошт сродкаў дзяржавы і гаспадаркі. У заслужаных калгаснікаў пенсія дасягае 40 – 50 руб., жанчыны-маці атрымліваюць дапамогу па родах і доглядзе дзіцяці. Што-небудзь падобнае немагчыма ў свеце капіталу.

РАНЕЙ ТЭРМІНУ

Мнагалюдна ў зімовыя дні ў швейнай майстэрні камбіната бытавога абслугоўвання ў Слабодцы, куды ідуць калгаснікі, настаўнікі, урачы. Да паслуг наведвальнікаў тры вопытныя майстры, якія імкнуцца хутка і якасна выканаць заказы. Людзі выказваюць шчырую ўдзячнасць за прыгожа і ўмела пашытыя паліто, касцюмы, сукенкі. Калектыў ужо выканаў месячны план на 101 %. ■

Жанна БЯЛЬКО