Забойствы і рост кіберзлачыннасці. Пракурор пра крымінагенную сітуацыю на Браслаўшчыне

Общество

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед падчас нядаўняга даклада Прэзідэнту краіны паведаміў, што ў мінулым годзе практычна па ўсіх асноўных відах злачынстваў назіралася зніжэнне, акрамя такой негатыўнай тэндэнцыі, як значны рост кіберашуканства. Як на агульнарэспубліканскім фоне выглядала крымінальная сітуацыя на Браслаўшчыне, мы распыталі пракурора раёна Юрыя Кезіка.

– Юрый Станіслававіч, праявы злачынства з боку асобных грамадзян былі, ёсць і будуць у грамадстве любой краіны. Як для браслаўчан прайшоў мінулы год з пункта погляду абароны іх законных інтарэсаў?

– Традыцыйна роўна, без якіхнебудзь злачынных усплёскаў. Агульная колькасць здзейсненых злачынстваў нават зменшылася на 5,4 % – з 203 у папярэднім годзе да 192 летась. Хоць нязначна, але ўсё роўна менш адбылося злачынстваў і па лініі крымінальнага вышуку – зніжэнне з 96 да 95-і. Але праблемай засталіся цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, колькасць якіх вырасла з 9 да 12-і. Выпадкі забойства засталіся на такім жа ўзроўні (2 і 2), а вось нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў вырасла з 2 да 5-і.

– Адкуль, на ваш погляд, як кажуць, ногі растуць, калі людзі замахваюцца на самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, – яго здароўе і жыццё?

– Прычын бязлітасных паводзін, безумоўна, шмат, але аналіз крымінальных спраў паказвае, што першыя месцы займаюць такія з’явы, як п’янства, незанятасць, жаданне хутка і без асаблівых намаганняў пабагацець. Цяпер, напрыклад, ідзе расследаванне крымінальнай справы ў адносінах да браслаўчаніна, які з асаблівай жорсткасцю нанёс шматлікія раненні нажом свайму знаёмаму, ад чаго той і памёр на месцы здарэння. Матывы і прычыны забойства ўстанаўлівае следства, але ўжо дакладна вядома, што абвінавачваемы грамадзянін карыстаўся аўтамабілем загінулага, здымаў грошы з яго картрахунку, а сам афіцыйна нідзе не працаваў.

Другое забойства адбылося ў Друі падчас сумеснай п’янкі. Падазроны ў такім асабліва цяжкім злачынстве сваю віну прызнае, аднак з-за моцнага алкагольнага ап’- янення нават не можа аднавіць у памяці храналогію падзей таго няшчаснага дня.

– Якія прэвентыўныя меры прымае пракуратура, каб зменшыць колькасць цяжкіх злачынстваў на бытавой глебе?

– Практычны вопыт даказвае, што адным з самых эфектыўных спосабаў з’яўляецца распачынанне пракурорам крымінальнай справы прафілактычнага характару. Па ўстаноўленых фактах нанясення цялесных пашкоджанняў летась было заведзена 7 такіх спраў, якія пракурор афармляў незалежна ад жадання пацярпелых дзеля таго, каб папярэдзіць больш цяжкія злачынствы.

– А махлярства ў галіне камп’ютарных тэхналогій закранае наш раён?

– Узровень кіберзлачыннасці на Браслаўшчыне павялічыўся з 24 да 31 выпадка, і ў новым годзе гэта тэма застаецца актуальнай. Да прыкладу, некалькі дзён таму назад у міліцыю звярнуўся жыхар г. Мінска, які знаходзіўся ў Браславе ў камандзіроўцы. З подпісам ад Беларусбанка яму на Вайбер паступіў званок, і прыемны жаночы голас папярэдзіў, што з яго картрахунку хтосьці спрабуе ўкрасці грошы. Каб іх захаваць, неабходна перавесці сродкі з плацежнай карты на рахунак, указаны быццам бы службай бяспекі банка. Нягледячы на тое, што ў мужчыны была картка зусім іншага банка, ён сваёй жа рукой перавёў уласныя грошы на рахунак аферыстаў. Рытарычнае пытанне, як можна папярэдзіць такую асабістую нядбайнасць!

– Юрый Станіслававіч, а па якіх яшчэ напрамках працавалі летась работнікі пракуратуры?

– У 2020 годзе вялікая работа ажыццяўлялася па падтрыманні дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, дзе разгледжана 87 спраў. Акрамя таго, праведзена больш за 30 агульнанаглядных праверак у арганізацыях і ўстановах, па выніках якіх унесена 26 прадстаўленняў. Па патрабаваннях пракурора больш як 100 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці. У несудовым парадку 31 асоба прыцягнута да матэрыяльнай адказнасці на суму звыш дзвюх тысяч рублёў.

– Дзякую за змястоўную размову.

 

Гутарыў Казімір ПЯТУШКА