Каб дзеці былі шчаслівымі. Як браслаўскім школам і садам дапамагаюць спонсары

Общество

Новы год – адно з самых любімых свят у кожнай сям’і. Напэўна, таму ў гэты час у малых і дарослых прыўзняты настрой і вялікае жаданне стварыць казачную атмасферу. Каб да яе далучыліся як мага больш юных браслаўчан, пастараліся не толькі бацькі і педагогі. Шэраг прадпрыемстваў і арганізацый падчас акцыі «Нашы дзеці», якая працягвалася з 10 снежня 2020 года да 10 студзеня 2021-га, аказалі ўстановам адукацыі шэфскую дапамогу ў падрыхтоўцы да зімовага свята і падарылі малым радасныя эмоцыі і добры настрой.

Навагоднія мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх установах адукацыі раёна. І як ганаровых гасцей сустракалі ў большасці з іх прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, якія паклапаціліся, каб зрабіць святочныя дні незабыўнымі, і ахінулі дзяцей, асабліва тых, каго не песціў лёс, клопатам і ўвагай. Так, неабыякавыя шэфы – а такіх было аж 17 – завіталі ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яны стварылі сапраўды навагодні настрой для навучэнцаў салодкімі падарункамі і значна папоўнілі матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы.

Многія арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі паспрыялі школам з набыццём цукерак. Напрыклад, СШ № 2 дапамагалі магазін «Кантынент», Браслаўская ПМК № 42 і нацыянальны парк, Відзаўскай СШ і Дрысвяцкай ЯСБШ – сельгаспрадпрыемствы «Агравідзы» і «Відзаўскі» адпаведна. Торфабрыкетны завод, «Райаграсэрвіс» і ІП Н. Гінько парадавалі саладосцямі ахрэмаўскіх школьнікаў, ІП І. Цярэшчанка – плюскіх.

Высакародную справы працягнулі і грамадскія аб’яднанні. Так, РА «Беларускага дзіцячага фонду» традыцыйна арганізавала штогадовую дабрачынную ёлку, актывісты БРСМ у рамках акцыі «Цуды на Каляды» перадалі дзеткам з малазабяспечаных сем’яў цацкі і саладосці. А як паведамілі ў браслаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтры, раённыя арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў і грамадскага аб’яднання «Белая Русь» выдзелілі сродкі на набыццё навагодніх падарункаў для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных, няпоўных сем’яў ці тых, дзе часова не працуе нехта з бацькоў. Такім чынам, саладосці і радасныя эмоцыі атрымалі яшчэ 42 навучэнцы і выхаванцы з 8 устаноў адукацыі, як гарадскіх, так і сельскіх – СШ № 1, Ахрэмаўскай ЯССШ, Слабодкаўскай ЯССШ, Відзаўскай СШ, Друйскай ЯССШ, Дрысвяцкай ЯСБШ, Опсаўскай ЯССШ і Кансталінскай ЯСБШ. А ў школах пастараліся, каб да кожнага малога, які па стане здароўя ці па ўзросце знаходзіўся дома, завітаў Дзед Мароз і Снягурачка.

Што характэрна, такі клопат пра дзяцей не адзінкавае мерапрыемства. «Ужо не першы раз філіял «Браслаўрыба» дапамагае нам рыхтавацца да навагодняга свята: выдзяляе цукеркі на ранішнікі, дзякуючы шэфам заўсёды поўны мяшок у нашага Дзеда Мароза, – кажа дырэктар Браслаўскай гімназіі Людміла Каптур. – Увогуле нам шанцуе на добразычлівых і спагадлівых людзей, якія дапамагаюць не толькі напярэдадні зімовых свят, але і на працягу ўсяго года. Мы шчыра дзякуем за супрацоўніцтва кіраўніцтву «Кад-Маркета», «Маяка Браслаўскага», «БЛ РАЗВИТИЕ», нацыянальнага парка, «Браслаў-камунальніка», турбазы, ДЭУ-34 і аўтабазы». Далучаецца да калегі і дырэктар Опсаўскай ЯССШ Святлана Курбан, асаблівыя словы падзякі за пастаянную дапамогу яна адрасуе кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства Рамуальду Шукялю, які, сам былы выпускнік гэтай установы адукацыі, перажывае за школу, падтрымлівае яе адміністрацыю як у разнастайных справах, так і мудрымі парадамі.

Што ж датычыць саміх шэфаў, то яны, наадварот, былі нешматслоўныя, але прытрымліваліся аднолькавай пазіцыі: «Дзеці – гэта наша будучае, таму ім неабходна дапамагаць як падчас свят, так і ў будні». ■

 

Жанна БЯЛЬКО