У браслаўскіх мытнікаў з’явіўся свой музей

Общество

Супрацоўнікі Браслаўскага мытнага паста сваімі сіламі арганізавалі міні-музей. Яго экспазіцыя расказвае пра этапы стварэння і развіццё мытных органаў у нашым раёне. Гэта работа праведзена для захавання гісторыі і традыцый мытнай службы, якая з’яўляецца неад’емнай часткай мінулага і сучаснага нашай краіны.

Між тым гісторыя Браслаўскага мытнага паста Віцебскай мытні ўжо перагарнула шмат старонак. Першы ўспамін пра работу мытнага органа ў Друі зафіксаваны на фотаздымку 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Увогуле музейная экспазіцыя ўтрымлівае ў сабе дакументы самых значных момантаў пераўтварэнняў, фотаздымкі будынкаў, у якіх размяшчалася мытня ў Браславе, пагранічных пунктаў пропуску, а таксама асоб, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё мытнай службы. Пэўнае месца тут займаюць узнагароды Браслаўскага мытнага паста за перамогі ў прафесійных спаборніцтвах. Яны сведчаць пра дасягненні моцнага калектыву прафесіяналаў.

Дарэчы, міні-музей знаходзіцца ў новым будынку мытнага паста «Урбаны», пра работу якога тут таксама сабрана шмат інфармацыі і фотаздымкаў. ■

 

Тэкст і фота Вольгі ПАТАПОВІЧ.