VI Усебеларускі народны сход адбудзецца ў лютым

VI Усебеларускі народны сход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 492 аб скліканні VI Усебеларускага народнага сходу. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

У адпаведнасці з артыкулам 37 Канстытуцыі Беларусі і ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця краіны Прэзідэнт пастанавіў склікаць 11–12 лютага 2021 года ў Мінску VI Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне яго ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных асоб VI Усебеларускага народнага сходу складзе 2 700 чалавек. Удзельнікі форуму ад абласцей і Мінска абіраюцца з улікам нормаў прадстаўніцтва раённымі і гарадскімі Саветамі дэпутатаў і найбольш шматлікімі грамадскімі аб’яднаннямі. Пры гэтым ад кожнай вобласці ў сходзе прыме ўдзел не больш за 310 чалавек, ад Мінска – не больш за 370 грамадзян.

Пералік запрошаных асоб фарміруецца Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні VI Усебеларускага народнага сходу з ліку кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі, супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў у Беларусі, прадстаўнікоў беларускіх дыяспар, міжнародных і замежных арганізацый у рэспубліцы.

Ужо запрацаваў сайт VI Усебеларускага народнага сходу – vsebel.by. На ім размяшчаюцца інфармацыйныя матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне форуму.

Тым часам А. Лукашэнка адзначыў, што VI Усебеларускі народы сход стане найважнейшым форумам пяцігоддзя і ён, як і першы, што адбыўся ў 1996 годзе, пройдзе ў далёка не просты для краіны час. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе навацыі, якія будуць прапаноўвацца на будучым сходзе, абавязаны служыць адной мэце – беларусам і іх дабрабыту.

Прэзідэнт нагадаў, што ў перыяд падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу ў краіне арганізаваны шырокі грамадскі дыялог. У рэгіёнах, працоўных калектывах, ВНУ абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі развіцця краіны. На месцах працуюць грамадскія прыёмныя, дзе кожны жадаючы можа выказаць сваё меркаванне і ўнесці прапановы па гэтых пытаннях.

«Сёння выказацца можа кожны. Гэта і ёсць плюралізм меркаванняў, неабходны для прыняцця правільных кіраўніцкіх рашэнняў, выбудоўвання эфектыўнага балансу паміж інтарэсамі дзяржавы і грамадства», – падагульніў Аляксандр Лукашэнка. ■