Клопат пра нямоглых стаў прызваннем. Браслаўчанка Ірына Адамовіч – надзейны сацработнік

Новости
Мы ўсе ведаем, як важна быць чулымі і міласэрнымі, дапамагаць людзям, вось толькі займацца гэтым штодзень пад сілу далёка не кожнаму. А між тым ёсць побач з намі людзі, для якіх такі лад жыцця стаў звыклай нормай, – гэта сацыяльныя работнікі. Клопат пра нямоглых старых стаў прызваннем і Ірыны Адамовіч.

У свой час Ірына вучылася швейнай справе, але калі выйшла замуж і перабралася ў в. Богіна, то працы па спецыяльнасці там не знайшлося, і тады яна ўладкавалася ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна. Непрыкметна праляцелі гады – і вось за плячыма 20 гадоў стажу сацработнікам.

– Я нават і ўявіць сябе не магу на нейкай іншай рабоце, – кажа жанчына, – так уцягнулася ўжо.

Прывыкала ж да новай справы пакрыху: спачатку наведвала аднаго падапечнага, які жыў побач, потым – другога, з цягам часу набывала вопыт. Цяпер у І. Адамовіч на абслугоўванні 8 пажылых людзей, пяцёра з якіх жывуць у Богіне, астатнія – у аддаленых маланаселеных пунктах. Таму самае складанае ў працы, як заўважае сацработнік, гэта трапіць да падапечных. Яна шкадуе, што дарога забірае многа часу, за які магла б больш зрабіць. Сапраўды, да в. Вусце ёй даводзіцца прайсці сем кіламетраў, а яшчэ ж шлях назад, да Багдзюнаў на адзін кіламетр менш – «усяго толькі» шэсць. Летам Ірыну выручае веласіпед, зімой жа прыходзіцца дабірацца пешшу, пераадольваючы снег і галалёд. А трэба ж яшчэ памятаць, што нярэдка сацыяльны работнік нясе цяжкія сумкі з прадуктамі ці іншымі патрэбныя рэчамі. Калі наведванне абслугоўваемых землякоў супадае з прыездам аўталаўкі ў населены пункт, то можна зрабіць пакупкі на месцы, але так бывае не заўсёды, і тады жанчына дастаўляе неабходныя пажылым людзям тавары з Богіна. Таксама І. Адамовіч сочыць і за тым, каб у іх не заканчваліся лякарствы. Некаторыя загадзя заказвае і час ад часу выбіраецца ў Браслаў у аптэку з вялікім спісам: купляе многа, каб быў запас. Гэта не дзіўна, бо ўзрост яе падапечных немалы: ад 74 да 86 гадоў.

А так, па словах Ірыны, усё ідзе сваім парадкам, яна робіць, што трэба, і асаблівых складанасцей у працы не бачыць. Праўда, і клопатаў хапае. Яна прыносіць падапечным ваду і дровы, раз на тыдзень робіць вільготную ўборку ў дамах, нават дапамагае памыцца, калі пажылому чалавеку не хапае сілы самастойна схадзіць у лазню. Мыццё вопраткі таксама ўваходзіць у абавязкі сацыяльнага работніка (дарэчы, такая паслуга платная). Летам дабаўляюцца градкі – іх трэба пасадзіць, прапалоць. Даводзіцца І. Адамовіч дапамагаць і з прыгатаваннем ежы, напрыклад, пачысціць бульбу, калі ў чалавека дрэнны зрок. – Людзі ўсе розныя па характары, – разважае жанчына. – Таму да кожнага трэба шукаць свой падыход, ведаць, да каго з якога боку падступіцца. Часам варта лішні раз прамаўчаць альбо перавесці размову на іншую тэму. Сацыяльны работнік павінен умець слухаць, бо адзінокія людзі, безумоўна, хочуць выгаварыцца. Асабліва цяпер, калі распаўсюдзіўся каранавірус і яны знаходзяцца дома, ім не хапае зносін. Бывае, просяць нават: «Пасядзі побач, паразмаўляем».

У працоўныя дні ў жанчыны дастаткова шчыльны расклад: некаторых абслугоўваемых яна наведвае па 3 разы на тыдзень, іншых – па 2 (па жаданні можна аформіць і на 4). І толькі ў выхадныя сацработнік можа адпачыць. Год назад Ірына страціла мужа і засталася адна, дочкі жывуць асобна, і крыніцай натхнення для яе цяпер з’яўляецца васьмімесячны ўнучок, які вельмі радуе бабулю. Станоўчыя моманты прыносіць і праца, калі ў падапечных усё добра ці яны віншуюць сваю памочніцу са святамі, не забываюцца пра яе дзень нараджэння, шчыра дзякуюць за дапамогу. Добра адзываюцца пра Ірыну Адамовіч і ў ТЦСАН: кіраўніцтва лічыць, што яна ўзорна выконвае абавязкі і дзякуючы клопату сацыяльнага работніка ў дамах падапечных заўсёды цёпла і ўтульна. ■

Жанна БЯЛЬКО