Асаблівы настрой. Як браслаўчане ўпрыгожылі (і не) свой горад

Строительство. ЖКХ. Благоустройство

Новы год – адзінае свята, да якога ўсе рыхтуюцца надзвычай грунтоўна. Загадзя перабіраюць традыцыйныя навагоднія цацкі, вырашаюць, як можна абнавіць звыклыя ўпрыгажэнні, купіць ёлку, якая пахне натуральнай хвояй, ці аддаць урэшце перавагу штучнай. Новая модная гірлянда, арыгінальныя цацкі на ёлку, сімпатычныя фігуркі сімвала Новага года на паліцах і сталах – усё гэта дапамагае ствараць чароўны пераднавагодні настрой. Упрыгажэнні для дома і лясной прыгажуні можна стварыць і сваімі рукамі. Такіх ужо сапраўды ні ў каго не будзе!

Асаблівы святочны настрой стварае, безумоўна, навагодняя ілюмінацыя, як вулічная, так і тая, якая грае рознакаляровымі фарбамі з вокнаў дамоў і кватэр. Сучасная яе разнастайнасць дазваляе ствараць непаўторнае светлавое афармленне для дома, фасадаў будынкаў і вуліц.

Трэба сказаць, што сёлета практычна ўсе гарадскія арганізацыі і ўстановы пастараліся з дапамогай светладыёднай падсветкі стварыць у Браславе казачную атмасферу, несумненна, па сіле сваіх магчымасцей. У вячэрні час і раніцай прыцягваюць увагу прахожых яркія агні ў прамысловай зоне па вул. Дзяржынскага. Арыгінальнае светлавое аблічча вылучае ў цемры будынкі ўстаноў адукацыі, асабліва СШ № 1, дзе кожны год імкнуцца стварыць сапраўды фантастычны візуальны эфект, а таксама культуры, нацыянальнага парка, «Браслаўгаза», тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва…

А вось прыватны жылы сектар, вокны дамоў і кватэр не вылучаюцца сёлета сваёй выразнасцю. Навагодняе афармленне дома, як па вул. Дзяржынскага, ці аконных шыб, як па вул. Кастрычніка, хутчэй выключэнне, чым агульная тэндэнцыя. Верагодна, што на адчуванне свята з салютамі і феерверкамі паўплывала няпростая эпідэміялагічная сітуацыя, але прыўзняць сабе і іншым настрой, прыдаць упэўненасці і сіл можна нават не выходзячы з дому: дастаткова проста ўключыць у разетку няхай і антыкварную ўжо гірлянду ці ўпрыгожыць вокны традыцыйнымі сняжынкамі – і адчуванне жыцця напоўніцца новымі фарбамі. ■

Казімір ПЯТУШКА