Галоўныя юбілеі 2020 года (па версіі газеты «Браслаўская звязда»)

Общество
Завяршаецца насычаны 2020 год. І калі адгарнуць назад старонкі календара, бачна, як многа там значных для браслаўчан дат. Гэта не дзіўна, бо не толькі людзі святкуюць гадавіны, якімі можна ганарыцца: яны датычацца таксама ўстаноў, арганізацый і нават знамянальных падзей. Мы сабралі самыя запамінальныя юбілеі сыходзячага года.
У ГОНАР ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ

Сёлетні 2020-ы прайшоў пад знакам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На браслаўскай зямлі сустракалі марафон «Шляхамі памяці» і заключны этап міжнароднай «Эстафеты Перамогі», закладалі ў гонар знамянальнага юбілею сады і алеі, папаўнялі спісы ўвекавечаных салдат. Актывісты БРСМ добраўпарадкоўвалі помнікі, у агр. Опса прадстаўнікі ўлады і грамадскасці ўрачыста адкрылі адноўлены з дапамогай «Маяка Браслаўскага» мемарыял загінулым землякам, а на ўсіх 45 воінскіх пахаваннях раёна адбыліся цырымоніі забору зямлі для перадачы ў Храм-помнік у Мінску. Асаблівай увагай агарнулі ўдзячныя браслаўчане мясцовых ветэранаў.

БРАСЛАЎСКАМУ РАЁНУ – 80 ГАДОЎ

Роўна восем дзясяткаў гадоў таму назад Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны наш раён. На працягу гэтага часу браслаўчане, захоўваючы традыцыі продкаў, праслаўлялі свой азёрны край баявымі подзвігамі і працоўнымі дасягненнямі. Пра асноўныя этапы станаўлення і развіцця рэгіёна расказваў праект газеты «Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі», выстаўка супрацоўнікаў музейнага аб’яднання і краязнаўчыя буклеты, распрацаваныя мясцовымі бібліятэкарамі. Не абмінулі ўвагай значную для раёна дату і многія ўстановы ды арганізацыі: напрыклад, браслаўскія хлебапёкі нават выпусцілі новы від пернікаў з выявай і юбілейным надпісам.

АДЗНАЧЫЛІ ПАМЯТНУЮ ДАТУ

Адразу чатыры ўстановы Браслаўшчыны адсвяткавалі сёлета 25-гадовы юбілей. Чвэрць стагоддзя прайшло з моманту адкрыцця Браслаўскай гімназіі, якая за гэты час склалася як інавацыйная ўстанова адукацыі з асаблівай атмасферай і паспяховымі вучнямі. Столькі ж Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» арганізуе рэкрэацыйныя мерапрыемствы, развівае турызм і праводзіць работу па ацэнцы экалагічнай сітуацыі ў раёне, захаванні прыроднай і гістарычна-культурнай спадчыны, вядзе лясную і паляўнічую гаспадарку. У Браслаўскім участку электрычнай сувязі святкавалі юбілей «Белтэлекама» – гэта прадпрыемства, акрамя прадастаўлення стацыянарнай тэлефаніі, цяпер з’яўляецца вядучым лічбавым правайдарам. Разам з РУП «Белпошта» адзначылі дваццаціпяцігоддзе сваёй самастойнай дзейнасці і браслаўскія паштальёны, якія з кожным годам пашыраюць спектр паслуг.

БОЛЬШ ЯК ПЯЦЬ ВЯКОЎ НА КАРЦЕ БРАСЛАЎШЧЫНЫ

У жніўні аграгарадок Опса адзначыў 520 гадоў свайго заснавання. Шэраг мерапрыемстваў з нагоды юбілею пачалі тут з дзіцячага свята, якое наведалі каля 400 чалавек з Опсы і навакольных вёсак. Населены пункт з такой вялікай гісторыяй мае свае славутасці, у ліку якіх касцёл Святога Яна Хрысціцеля, сядзіба Плятэраў, забудова канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Калісьці праз Опсу праходзіла чыгунка, і на месцы былой вузкакалейкі ўстаноўлены макет паравоза, зроблены майстрамі Відзаўскага каледжа. Цяпер у аграгарадку працуе амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, яслі-сад – сярэдняя школа, цэнтр літаратуры і адпачынку, бібліятэка.

ДАРОГІ – ПАД НАДЗЕЙНЫМ НАГЛЯДАМ

Работнікі ДЭУ-34 сёлета адзначылі 20-годдзе з дня заснавання сваёй арганізацыі. Пачынала работу мясцовае эксплуатацыйнае ўпраўленне з абслугоўвання 36 кіламетраў дарогі, 4 адзінак тэхнікі і ўсяго 12 супрацоўнікаў. Сёння ж калектыў прафесіяналаў у складзе 53 чалавек даглядае 228 км дарог рэспубліканскага значэння ў Браслаўскім, Міёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах, задзейнічаўшы 8 МАЗаў, 9 трактароў, 3 пагрузчыкі, 6 «Газэляў» і разметачную машыну. З 2004 года дарожнікі ўвялі ў эксплуатацыю вытворчую базу з сучасным адміністрацыйна-бытавым корпусам, більярднай і трэнажорнай заламі, гаражамі, майстэрнямі і заправачнай.

СТАГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ СТАТЫСТЫЧНАЙ СЛУЖБЫ

У далёкім 1920 годзе на тэрыторыі рэспублікі былі сфарміраваны статыстычныя ўстановы. У нашы дні невялікі калектыў Браслаўскага раённага аддзела статыстыкі – тут усяго 4 работнікі – збірае і апрацоўвае інфармацыю ва ўмовах развіцця сучасных тэхналогій. Замест папяровых носьбітаў супрацоўнікі аддзела маюць справу з данымі ў электронным выглядзе. Работа гэта складаная і скрупулёзная, бо на аснове сабранай службай інфармацыі прымаюцца важныя рашэнні. Сярод апошніх буйных па маштабе мерапрыемстваў статыстыкаў – перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года.

ПЕРААДОЛЕЛІ ВЕКАВЫ РУБЕЖ

Сапраўдным прыкладам для браслаўчан і гонарам нашай мясцовасці з’яўляюцца доўгажыхаркі Ніна Космач і Софія Кульпа, якія ў гэтым годзе адсвяткавалі 100 гадоў з дня нараджэння. Прадстаўнікі ўлады і грамадскасці шчыра павіншавалі імянінніц з такой знамянальнай датай, а начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі ўручыла ім новенькія пашпарты. У свае гады сталыя жанчыны выглядаюць проста выдатна, валодаюць добрай памяццю і ахвотна дзеляцца з гасцямі сваімі ўспамінамі, якіх за цэлы век накапілася нямала. ■

Жанна БЯЛЬКО