Эканоміка Браслаўскага раёна: глядзець у заўтрашні дзень

Деньги
На сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта разгледзелі вызначальныя для рэгіёна пытанні, такія як сёлетняе сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і прагноз на 2021 год, вынікі выканання бюджэту і яго праект на наступны год.

З дакладам пра выкананне ключавых паказчыкаў работы за 10 месяцаў года выступіла намеснік старшыні райвыканкама Алена Бабінская. Яна паведаміла, што па шэрагу іх назіраецца рост да адпаведнага перыяду 2019-га: па экспарце тавараў без уліку нафты і нафтапрадуктаў, прамых замежных івестыцыях. Станоўчая дынаміка дасягнута ў вытворчасці прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму (102,5 % пры заданні 102 %), аб’ёме будаўніча-мантажных работ (68 % пры плане 51,7 %), энергазберажэнні (-2 %, што адпавядае даведзенаму), колькасці створаных прадпрыемстваў (8 з 10 запланаваных). Забяспечана выкананне задання па сярэднямесячнай заработнай плаце (848,3 рубля пры гадавым заданні 798,1 руб.). Раён працуе з ростам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) і чыстым прыбыткам, са станоўчай рэнтабельнасцю продажаў і сальда знешняга гандлю таварамі.

Не ўсё, аднак, у эканоміцы раёна складваецца, як хацелася б. У прыватнасці, экспарт паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый склаў 87,9 % пры заданні 102,6 %, працаўладкавана 13 грамадзян на створаныя рабочыя месцы за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў і вытворчасцей пры плане 25, вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – 100,7 % (даведзена 106 %), рознічны тавараабарот – 83,4 % (104,6 %), рэнтабельнасць продажаў – 1,6 % (5 %), зніжэнне ўзроўню выдаткаў на вытворчасць прадукцыі (работ, паслуг) – + 2,2 % (-2 %). Заданне па ўводзе ў эксплуатацыю жылля выканана на 64,2 %, у тым ліку па індывідуальнай забудове – на 78,6 %.

Сярод прыярытэтных накірункаў на 2021 год А. Бабінская адзначыла рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, рост ІФА, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў, асваенне і вытворчасць новых відаў прадукцыі, пашырэнне рынкаў яе збыту. Задача наступнага года – выкананне параметраў на ўзроўні, не меншым за дасягнуты сёлета.

Выкананне раённага бюджэту за студзень – лістапад 2020 года акрэсліла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ганна Маслякова. Яна адзначыла, што за справаздачны перыяд у бюджэт паступіла 15,3 млн руб. падатковых і непадатковых плацяжоў, ці 88,5 % да плана за год (у параўнанні з 2019-м даходы выраслі на 4,1 %). У агульным аб’ёме 90,2 % (13,8 млн руб.) складаюць падаткі: падаходны з фізічных асоб, на ўласнасць, дабаўленую вартасць, выплачаныя пры асаблівых рэжымах падаткаабкладання і кампенсацыі выдаткаў дзяржавы. Прымаюцца меры па прыцягненні дадатковых паступленняў у кансалідаваны бюджэт раёна. Так, часова свабодныя сродкі рэгулярна размяшчаюцца на банкаўскіх дэпазітах, што прынесла амаль 130 тыс. руб. даходу. За 11 месяцаў атрымана 135,1 тыс. руб. ад продажу зямельных участкаў і платы за права заключэння дагавораў іх арэнды.

Плануецца, што ў бюджэт раёна сёлета паступіць каля 16,8 млн руб. уласных даходаў. Расходы ж за 11 месяцаў склалі 32,4 млн руб. і прафінансаваны на 87,6 % да ўдакладненага гадавога плана. З іх на сацыяльна-культурную сферу накіравана 78,6 %, галіны нацыянальнай эканомікі, жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва – 10,2 %.

Што датычыцца бюджэтнай палітыкі на 2021 год, то асноўнымі накірункамі застаюцца сацыяльная абароненасць насельніцтва, павышэнне дабрабыту грамадзян за кошт павелічэння памеру заработнай платы. Раённы бюджэт сфарміраваны з прафіцытам у суме 627,6 тыс. руб., збалансаваны ў межах наяўных рэсурсаў і дазволіць забяспечыць фінансаванне важнейшых накірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін, падводзячы вынікі пасяджэння, адзначыў дэталёвы аналіз інфармацыі і акцэнтаваў увагу на захаванні сацыяльнай накіраванасці бюджэту. Таксама ён падкрэсліў неабходнасць работы з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і арганізацый: «Фінансавагаспадарчая дзейнасць – гэта абавязак кіраўнікоў і актыву, таму на першы план выходзяць іх прафесійныя якасці. А магчымасць зарабіць сёння ёсць ва ўсіх сферах. Трэба выкарыстоўваць унікальнасць рэгіёна, мець дакладную праграму і глядзець у заўтрашні дзень». ■

Жанна БЯЛЬКО