Назад у васьмідзясятыя. Чым жыў Браслаўскі раён 40 гадоў таму назад

Калейдоскоп
Падыходзіць да заканчэння праект газеты, прысвечаны 80-годдзю раёна. На працягу 2020 года мы расказвалі, як развіваліся розныя галіны народнай гаспадаркі, шукалі факты з гісторыі асобных перыядаў. Сёння мы прапануем вам вярнуцца на Браслаўшчыну 80-х гадоў. Чым жыў раён і браслаўчане ў той час?

На пачатак 80-х гадоў у раёне пражывалі больш за 42 тысячы чалавек, пры гэтым у сельскай мясцовасці – звыш 30 тысяч. Гэта быў час актыўнага развіцця эканомікі і будаўніцтва, не дзіўна, што ў Браславе і вёсках раёна ўзнікалі новыя вуліцы і будынкі сацыяльна-эканамічнага прызначэння.

У прыватнасці, у горадзе ў 1983 годзе пачалося ўзвядзенне вытворчай базы райсельгасхіміі, новых будынкаў малаказавода, у 1984-м заклалі школу № 2, якая ўжо праз два гады адчыніла свае дзверы вучням. Значнай падзеяй для браслаўчан стала адкрыццё ў 1985 годзе мясцовага краязнаўчага музея. На карце горада ў 80-я ўзніклі вуліцы Тургенева, Энергетыкаў, Заводская і інш. Напрыканцы дзесяцігоддзя вялікай будоўляй можна назваць узвядзенне цэнтральнай бальніцы, ДЮСШ, дома-інтэрната, а ў 1989 годзе адбылося наваселле ў паліклініцы.

У пачатку 1980 года ў раёне працавалі 64 урачы, 257 сярэдніх і 302 малодшыя медработнікі, мелася 455 бальнічных ложкаў. Пашыралася матэрыяльна-тэхнічная база. Урачы атрымлівалі новае медабсталяванне, напрыклад, у 1985 годзе пачалося абследаванне пацыентаў з дапамогай фібрагастраскопа.

Хуткімі крокамі развівалася сфера культуры. У 1985 годзе ў раёне было 120 устаноў культуры, 51 клуб, 66 бібліятэк, 4 музычныя школы. Два калектывы мелі званне народнага – Опсаўскі хор і тэатр, а ў студзені 1984 года ўжо пачалі свае першыя рэпетыцыі ўдзельнікі хору ветэранаў вайны і працы.

Гэтыя часы можна назваць і вясельным, і дэмаграфічным бумам. Цікава, што ў 1980 годзе ў Браслаўскім ЗАГСе 116 разоў зарэгістравалі маладых, а грамадзянамі горада сталі 152 дзіцяці. Таксама ў Браславе ў жніўні 1983 года шлюбам спалучыліся 14 пар, а ўсяго з пачатку года – 50. Цікава даведацца, што найбольш папулярнымі імёнамі, напрыклад, у 1984 годзе былі Аляксандр, Віктар і Таццяна.

У сельскай гаспадарцы таксама ішло актыўнае жыццё: будаваліся фермы, мехдвары, праводзіліся спаборніцтвы паміж калгасамі, якіх у 1983 годзе было 34. Асвойваліся і новыя сельскагаспадарчыя культуры. Напрыклад, у 1984 годзе «перспектыўнай» расліннасцю – баршчэўнікам Сасноўскага – у калгасе «Імя Мічурына» (Богіна) засеялі 4 гектары. Яго ж паспрабавалі асвоіць і ў «Іскры».

Менавіта ў 1980 годзе на беразе воз. Дрывяты з’явіўся цеплаход, які і цяпер знаходзіцца там. У ім планавалі размясціць службы выратавальнай станцыі. На Браслаўшчыну судна трапіла па вадзе з Віцебска, а з Друі яго прыцягнулі трактары ПМК-44.

У 1980-х ішла і актыўная ўстаноўка помнікаў на брацкіх магілах воінаў, загінулых у баях на Браслаўшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Мемарыялы ўзводзілі ў цэнтральных сядзібах калгасаў, а ў 1981 годзе ў скверы на вул. Булойчыка з’явілася новая стэла аўтарства скульптара С. Селіханава. ■

Алена НАБЕЕВА