Выратавальнікі нагадваюць: выходзіць на вадаёмы цяпер вельмі небяспечна

Безопасность
Лёгкія снежаньскія маразы скавалі тонкім ледзяным покрывам большасць браслаўскіх азёр. Для шматлікіх аматараў падлёднай рыбалкі гэта доўгачаканая падзея, і, пастукваючы перад сабой пешнямі, яны пацягнуліся на яшчэ ломкі лёд. Вось толькі выходзіць на вадаёмы вельмі небяспечна. Але ж ці можа стрымаць рызыка трапіць у палонку нецярплівых рыбаловаў!

Каб прадухіліць няшчасныя выпадкі на нетрывалым покрыве вадаёмаў, супрацоўнікі выратавальнай станцыі Асвода і РАНС пачалі выязджаць у рэйды. У мінулы чацвер да інспектара РАНС Вадзіма Чэкана і начальніка выратавальнай станцыі Андрэя Ахрамовіча далучыўся і карэспандэнт «Браслаўскай звязды». Наведаць рашылі возера Навяты ў межах горада. Тут у параўнанні з бліжэйшымі азёрамі ў наваколлі Браслава лёд яшчэ дастаткова моцны, і нават у звычайны будны дзень на яго акваторыі налічыў не менш за 40 рыбаловаў. Але небяспека ўсё роўна існуе: падмытае знізу і зверху покрыва стала крохкім, таўшчыня яго нераўнамерная, месцамі існуюць натуральныя прамывіны. А найбольш небяспечныя шматлікія штучныя палонкі дыяметрам не менш за два метры. Утварыліся яны пасля здабычы матыля. Незамерзлыя палонкі зліваюцца з празрыстым гладкім лёдам, на паверхні якога блішчыць вада, і прыкметныя толькі дзякуючы дзвюм былінкам па іх краях. Калі ж перасякаць возера ў прыцемках, што часта і робяць гаражане, выбіраючы шлях напрасткі, вельмі лёгка можна трапіць у такую пастку.

Выратавальнікі, захоўваючы меры бяспекі, падыходзілі да рыбаловаў, цікавіліся клёвам, уловам і, безумоўна, вялі нязмушаную размову пра правілы бяспечных паводзін, што і як трэба рабіць у экстраннай сітуацыі, уручалі спецыяльныя памяткі і папярэджвалі дарэмна не рызыкаваць, лепш устрымацца ад выхаду на нетрывалы лёд. ■

Казіміра ПЯТУШКІ