У Браслаўскім раёне стартавалі навагоднія мерапрыемствы

В свободное время
Старт культурна-забаўляльным мерапрыемствам на Браслаўшчыне быў дадзены падчас цырымоніі запальвання святочных агеньчыкаў на галоўнай ёлцы раёна ў мінулую пятніцу, 18 снежня.

Яшчэ задоўга да мерапрыемства на плошчы пачалі збірацца дзеці і дарослыя. Малыя з задавальненнем бегалі вакол зялёнай прыгажуні, а дарослыя з цікавасцю разглядалі арыгінальную ёлку, якую сёлета ўстанавілі ў Браславе. Аднак і адны, і другія з нецярпеннем чакалі пачатку свята.

Нарэшце загучала ўрачыстая музыка, і на сцэне з’явіліся казачныя персанажы ў выкананні работнікаў РЦК. Падчас тэатралізаванай пастаноўкі з дапамогай прысутных добрыя героі перамаглі дрэнных і на сцэне з’явіліся доўгачаканыя госці – Дзед Мароз і Снягурка. Яны і «запалілі» святочныя гірлянды на ёлцы. Завяршылася свята агульным танцавальным флэшмобам з казачнымі персанажамі. Аналагічныя акцыі на гэтым тыдні праходзяць і ў аграгарадках Браслаўшчыны, а разам з імі і шэраг разнапланавых мерапрыемстваў. ■

Алена НАБЕЕВА