«Жанчыны павінны быць шчаслівымі». Браслаўчанка расказала, як прыйшла ў б’юці індустрыю

Экономика и финансы
З Ліляй Савіцкай, якая аказвае паслугі жанчынам у галіне прыгажосці, сустрэліся як добрыя знаёмыя, хоць і не бачыліся шмат гадоў. Справа ў тым, што ў 2004 годзе выпускніца першай гарадской школы ўдзельнічала ў фотаконкурсе нашай рэдакцыі «Юная прыгажуня Браслаўшчыны» і стала яго пераможніцай. Ліля і сёння беражліва захоўвае выразкі з газеты, дзе яна сярод лідараў раённага конкурсу.
ІНДУСТРЫЯ ПРЫГАЖОСЦІ – МАРА З ДЗЯЦІНСТВА

Прырода і бацькоўскія гены шчодра адарылі дзяўчыну рысамі знешняй прывабнасці. Далёка не ўсім так шанцуе з гармоніяй фарб, форм і ліній. Але сённяшні кваліфікаваны майстар у індустрыі прыгажосці не без падстаў упэўнена сцвярджае, што непрывабных людзей увогуле не бывае, трэба толькі іншым разам падкрэсліць адметныя рысы ўнутранага і знешняга хараства, якое дае жанчынам любога ўзросту адчуванне шчаслівасці. Прыроднае пачуцё густу дазволіла ёй рабіць сяброўкам манікюр, макіяж і ўкладкі. Збіралася Ліля пасля школы атрымаць і прафесію мадэльера прычосак у віцебскім каледжы, але пераадолеў трэнд таго часу на атрыманне юрыдычнай адукацыі. Ліля завочна паступіла на юрыдычны факультэт у Маскве, а паралельна з навучаннем працавала спачатку лабарантам у сваёй жа роднай школе, а потым сакратаром у прыёмнай райвыканкама.

Цяпер маладая жанчына прызнаецца, што ўжо на другім курсе інстытута зразумела: юрыспрудэнцыя не яе прызванне, па-ранейшаму вабіць індустрыя прыгажосці. Спачатку студэнтка-завочніца, а потым і дыпламаваны юрыст прайшла шмат курсаў: «візаж і касметалогія» ў Еўрапейскім адукацыйным цэнтры, майстра па прычосках у Мінску і Наваполацку, а таксама макіяжу, манікюру, керацінавага выпрамлення валасоў – усіх і не злічыць. Пасля кожнай вучобы трэніравалася на сваіх сяброўках.

Б’ЮЦІ-МАЙСТАР

Прайшло нямала часу, пакуль Ліля адважылася звольніцца з пасады юрыста і стала ажыццяўляць мару свайго дзяцінства – дапамагаць жанчынам быць прыгожымі і прывабнымі. «Пасля чарговых кваліфікацыйных курсаў я зразумела, што ўжо выспела, каб на прафесійным узроўні рабіць манікюр з доўгатэрміновым пакрыццём, дэкаратыўны макіяж і аднаўленне валасоў», – кажа б’юці-майстар.

Па словах Лілі, моладзь часцей за ўсё звяртаецца да яе за манікюрнымі паслугамі, але не менш запатрабавана таксама і керацінавае выпрамленне валасоў. Гэтая працэдура не толькі іх выпрамляе, але і аднаўляе пашкоджаную структуру. Керацін змяншае негатыўны уплыў знешніх фактараў на локаны. Пасля працэдуры яны становяцца эластычнымі, больш шчыльнымі і паслухмянымі. У залежнасці ад раствораў, якія прымяняюцца, керацінавае выпрамленне можа трымацца ад двух да пяці месяцаў.

Дарэчы, гэта не адзіны спосаб догляду валасоў. Ліля Савіцкая дапамагае пазбавіцца празмернай пушыстасці ці сухасці валасоў, надаць ім яркі бляск альбо можа проста кваліфікавана параіць, як правільна іх мыць. Сёння для аднаўлення локанаў яна выкарыстоўвае яшчэ адну адмысловую працэдуру – гарачую (запайванне ў валасы раствораў прасам з цітанавым пакрыццём), але не ўсім жанчынам рэкамендуецца яе выкарыстоўваць, таму ў бліжэйшых планах Лілі Савіцкай закупіць патрэбныя саставы і для халоднага аднаўлення валасоў – з прымяненнем праса інфрачырвонага выпраменьвання. ■ Казімір ПЯТУШКА