Сёння і заўтра беларускай эканомікі. Прагнозы ўрада

Экономика и финансы
Работу эканамічнага секіара Беларусі ў 2020 годзе і праекты прагнозных дакументаў на 2021-ы абмеркавалі на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Урад і Нацыянальны банк унеслі на разгляд пакет прагнозных дакументаў. Каб атрымаць па іх усебаковыя меркаванні і зверыць прапанаваныя падыходы з кіраўнікамі мясцовых органаў улады, на нараду быў запрошаны шырокі склад удзельнікаў, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, віцэ-прэм’еры, міністры, старшыні аблвыканкамаў.

Па меркаванні А. Лукашэнкі, можна па-рознаму глядзець на вынікі работы эканомікі ў гэтым годзе. Недацягнула да ўзроўню мінулага года прамысловасць, знізіліся інвестыцыі ды на 15 % прасеў экспарт. «Але сёння трэба паглядзець шырэй і разумець, чаго нам удалося пазбегнуць. Гэта вельмі важна для планавання на будучыню. На долю дзеючага ўрада выпаў адзін з самых складаных перыядаў за апошнія дзесяцігоддзі. Часам сітуацыя мянялася не па месяцах і не па тыднях, а па днях», – заявіў ён і адначасова звярнуў увагу, што ключавая задача дасягнута: захавана фінансавая стабільнасць у банкаўскай сферы, на валютным рынку.

Як заявіў падчас нарады прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, беларуская эканоміка ў гэтым годзе развівалася ў вельмі складаных умовах. Яна адчула на сабе ўздзеянне некалькіх шокаў: пандэміі, праблем з імпартам нафты і экспартам калію, зніжэння глабальнай эканамічнай актыўнасці, крызісу попыту, няўстойлівасці на ўнутраным фінансавым рынку, націску дэвальвацыйных чаканняў на валютны рынак, курс валюты і рэсурсную базу банкаў.

«У выніку ў першым квартале ўжо быў зафіксаваны спад ВУП на 0,2 %. У другім квартале спад паскорыўся да 3,1 % ВУП. Міжнародныя арганізацыі прадказвалі нашай краіне і далейшы імклівы спад, а пасля нестабільнасці фінансавага рынку, якая ўзнікла ў жніўні, і наогул хуткі і абвальны калапс эканомікі», – падкрэсліў прэм’ер-міністр. Тым часам паводле ацэнак урада, ВУП па выніках года складзе 99,1 – 99,2 %. Са станоўчым вынікам спрацавалі сферы сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, сувязі і інфармацыі, фінансавы сектар. Прамысловасць набліжаецца да ўзроўню мінулага года (99,2 %). Індэкс спажывецкіх цэн урад ацэньвае на ўзроўні 6,9 %.

«Сярэдняя зарплата ў снежні складзе больш як Br1,34 тыс. – у рэальным выражэнні рост амаль 7 %. Выконваем задачу па захаванні працоўных калектываў ва ўмовах пандэміі. Адносна мая, на які прыпаў пік, няпоўная занятасць знізілася ў 4,4 раза, прастоі – у 2,3 раза. Разам з тым перавышэнне ўзроўню мінулага года пакуль захоўваецца», – заўважыў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго некалькі насцярожвае працэс фарміравання бюджэту: «Другі год запар прапануецца планаваць яго з дэфіцытам. З аднаго боку, назапашаны пэўныя астаткі прафіцыту бюджэту мінулых гадоў. З другога – жыць на запасах доўга проста не атрымаецца».

Што тычыцца наступнага года, то ў падрыхтаваных прагнозных дакументах урад прапануе сканцэнтравацца на сацыяльнай стабільнасці і задачах, якія яе забяспечваюць, а менавіта: рост даходаў, стрымліванне цэн на сацыяльна значныя тавары, будаўніцтва жылля, кантроль узроўню беспрацоўя.

На гэтым фоне ў разрэзе сярэднетэрміновай перспектывы урад з прыцягненнем шырокага кола дзяржорганаў і экспертаў выпрацаваў пяць прыярытэтаў: павышэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу, лічбавая трансфармацыя, рэгіёны і фарміраванне інстытутаў развіцця. ■