Добрая душа і працавітыя рукі. Гісторыя браслаўчаніна, які любіць дапамагаць людзям

Люди Новости
Згодна з данымі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне створана больш як паўтары сотні аддзяленняў забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання. Працуе такое і пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна. Яго супрацоўнікі імкнуцца навучыць сваіх выхаванцаў неабходным уменням і навыкам, падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця, далучаюць да творчасці. Сярод найбольш актыўных наведвальнікаў – браслаўчанін Іван Дзярук.

«Надзвычай добры, пазітыўны і ветлівы чалавек, які ні з кім не канфліктуе, падтрымлівае зносіны з сябрамі і пры неабходнасці заўсёды прыходзіць ім на дапамогу», – так адгукаюцца супрацоўнікі ТЦСАН пра свайго падапечнага. І ўсе, хто ведае І. Дзерука, разам з дабрынёй абавязкова ўзгадваюць пра ўласцівую яму працавітасць. Гэта якасць у яго з самага дзяцінства: не прывык ён сядзець склаўшы рукі.

Правучыўшыся ў Варапаеўскай школе-інтэрнаце 7 гадоў, Іван жыў з бацькамі, дапамагаў ім па гаспадарцы. Цяпер жа застаўся адзін і ўжо каля трох гадоў ён нядрэнна спраўляецца з хатнімі клопатамі самастойна. Безумоўна, за ім прыглядаюць сваякі – родны брат ды стрыечная сястра, сацработнікі таксама пастаянна цікавяцца, як складваюцца справы. Але ў асноўным абыходзіцца сам: навучыўся гатаваць ежу, цепліць печкі. Шмат карысных уменняў атрымаў на занятках у аддзяленні, многае падказалі сябры або знайшоў на адпаведных сайтах у інтэрнэце.

Дарэчы, Іван даўно навучыўся карыстацца камп’ютарам (тэхніка ў яго ўжо гадоў восем), на які сам і зарабіў. У сацыяльных сетках шукае і падпрацоўку: дабаўка да пенсіі ніколі не лішняя. А нярэдка і проста так дапамагае людзям, калі папросяць. «Магу пакалоць дровы, перакапаць агарод ці на будоўлі працаваць, – кажа І. Дзярук. – Люблю дапамагаць людзям. Увесь час заняты, сумаваць не даводзіцца». Што датычыцца дроў, то тут браслаўчане ведаюць Івана як сапраўднага прафесіянала, які спраўляецца з работай надзвычай хутка і акуратна.

Увогуле чалавек ён вельмі старанны: дапамагае ў касцёле, тэрытарыяльным цэнтры, напрыклад, з доглядам кветнікаў, пастаянна наведвае заняткі ў аддзяленні, а калі па нейкіх прычынах не можа прыйсці, то абавязкова патэлефануе і папярэдзіць.

У вольны час Іван чытае газеты, захапляецца дэтэктывамі, якія бярэ ў бібліятэцы. Любіць танцаваць, нават атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на конкурсе. Падабаецца яму і спорт: ходзіць на заняткі ў «арачнік», трэніруецца ў дартсе, у спаборніцтвах па якім, дарэчы, нядаўна перамог і цяпер з нецярпеннем чакае чарговую спартландыю.

І. Дзярук шчыры і адкрыты чалавек, а яшчэ вельмі таварыскі: падчас нашай размовы папрасіў перадаць праз газету найлепшыя пажаданні сваім сябрам і знаёмым. Прыемна бачыць, што нават маючы другую групу інваліднасці, Іван застаецца аптымістам і не траціць веры ў свае сілы. ■

Жанна БЯЛЬКО