Пра што пісала «Браслаўская звязда» 55 гадоў таму назад (снежань 1965-га)

Калейдоскоп
ПЕДАГАГІЧНЫЯ ЧЫТАННІ

Для настаўнікаў сярэдніх, васьмігадовых і пачатковых школ праведзены чарговыя педагагічныя чытанні на тэму «Злучэнне навучання і выхавання ў адзіны выхаваўчы працэс». Прысутныя паслухалі лекцыю пра выхаванне навучэнцаў на рэвалюцыйных і працоўных традыцыях. Потым работа праводзілася па секцыях. Настаўнікі пазнаёміліся з дакладамі пра выкладанне фізікі і тлумачэнне дасягненняў навукі і тэхнікі, абмеркавалі атэістычнае выхаванне на ўроках хіміі.

САВЕЦКІ СУД – САПРАЎДЫ НАРОДНЫ

Ва ўсёй сваёй дзейнасці савецкае правасуддзе выхоўвае працоўных у духу адданасці Радзіме і справе камунізма, беражлівых адносін да сацыялістычнай уласнасці, захавання дысцыпліны працы, сумленных адносін да абавязку, павагі да правоў, гонару і годнасці чалавека. Усе суды ў нас выбарныя. Суддзёй або засядацелем можа быць абраны любы грамадзянін, які не пазбаўлены выбарчага права і дасягнуў 25 гадоў. Пры выкананні службовых абавязкаў суддзі і народныя засядацелі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.

КАЛІ НАСТУПАЕ ВЕЧАР

Закончаны працоўны дзень. Над Друяй апусціўся зімовы вечар. Ярка ўспыхнулі агеньчыкі ў дамах і культасветных установах. Жыхарам пасёлка ёсць дзе правесці вольны ад работы час. Да іх паслуг Дом культуры, тры клубы з бібліятэкамі, гурткі мастацкай самадзейнасці. Амаль кожны мясцовы жыхар з’яўляецца чытачом бібліятэкі, толькі пасялковую штодзённа наведваюць 35 – 40 чалавек. У друйскі пейзаж усё часцей упісваецца новая дэталь: над дахамі дамоў растуць тэлевізійныя антэны.

ЯК ПРЫЙШЛА ДА ЛЮДЗЕЙ НАВАГОДНЯЯ ЁЛКА

У быце савецкіх людзей замацаваўся звычай адзначаць Новы год з ёлкай. Многа тысяч гадоў таму назад чалавек пачаў пакланяцца дрэвам, а старажытныя германцы для духаў упрыгожвалі ялінку. У Расіі першыя ёлкі пачалі наладжваць пры Пятру І. Цікава, што спробы надаць абраду рэлігійны змест асаблівага поспеху не атрымалі, і дрэўца захавалася толькі як народны звычай. Так ацэньваў значэнне ёлкі У. І. Ленін. Масавае правядзенне навагодніх свят з упрыгожанай ялінкай у школах і рабочых клубах пачалося ў 1930-х гг.

ЛІМІТ ПАДПІСКІ ПЕРАВЫШАНЫ

Дзякуючы шырокай арганізацыйна-масавай рабоце калектыў Спрындаўскага аддзялення сувязі паспяхова завяршыў навагоднюю падпіску на перыядычныя выданні. Жыхары абслугоўваемых вёсак будуць атрымліваць іх з 1 студзеня на 100 экзэмпляраў больш, чым летась. Асабліва дружна падпісаліся калгаснікі на абласную газету «Віцебскі рабочы», раённую «Браслаўскую звязду», маладзёжную «Чырвоную змену», часопісы «Работніца і сялянка», «Механізатар» і «Вожык».

КАМУ ПАТРЭБНА ТАКАЯ ЗАГАРТОЎКА?

У рэдакцыю напісалі вучні Купчэльскай васьмігадовай школы з калгаса «Запаветы Ільіча» (вёскі Адамянішкі, Пяткунішкі, Кумпіні і інш.): «Нам даводзіцца хадзіць у школу за 5 – 6 км. Некалькі разоў мы звярталіся да старшыні калгаса, каб выдзелілі нам пару коней. Але ён нас прагнаў з канторы, заявіўшы, што маладым трэба закаляцца, ды і ногі коням паламаць можам. Чаму такога ён не гаворыць летам, калі дапамагаем вазіць ураджай? З нас смяюцца вучні з калгаса «Гігант»: іх усіх падвозяць, хоць хадзіць ім бліжэй».

СПРАВА ДЗЯРЖАЎНАЙ ВАЖНАСЦІ

Кожны год праводзіцца ўлік жывёлы ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах, а таксама ў асабістых гаспадарках калгаснікаў, рабочых, служачых і другіх груп насельніцтва па стане на 1 студзеня. Неабходна асаблівую ўвагу звярнуць на падбор пісьменных і добрасумленных лічыльшчыкаў і перапісчыкаў для правядзення праверкі. Перапіс – справа дзяржаўнай важнасці, і ні ў якім разе нельга дапусціць паўтарэння памылак мінулага года, калі не ўся жывёла была ўлічана.

СХОД УДАРНІКАЎ КАМУНІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Відзаўская пасялковая бальніца лепшая ў раёне. Два гады таму назад сярод яе работнікаў шырока разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва за высокае званне ўдарнікаў камуністычнай працы, якое прысвоена 34 супрацоўнікам. Нядаўна на сходзе разведчыкаў будучыні яны расказалі, як заваёўвалі ганаровае званне і як працуюць, каб яго апраўдаць. Таксама для ўдзельнікаў сходу прачытана лекцыя «Маральны кодэкс – закон жыцця і дзейнасці кожнага грамадзяніна». ■

Жанна БЯЛЬКО