Музеі Браслава запрашаюць на навагоднія выстаўкі

В свободное время
Амаль адначасова ў музеях традыцыйнай культуры і гісторыка-краязнаўчым адкрыліся для наведвальнікаў дзве выстаўкі, прысвечаныя навагоднія святам.

Святочныя цацкі, якімі ўпрыгожвалі ёлку ў розных дзесяцігоддзях ХХ стагоддзя, на агляд браслаўчанам прадставіў калекцыянер з Міёр Аляксандр Рынкевіч. Мужчына даўно і з захапленнем займаецца збіраннем навагодніх упрыгажэнняў і мае іх ужо не адну сотню. Музейныя супрацоўнікі ў Браславе дэкарыравалі рарытэтнымі экспанатамі ёлачку, а частку з прывезеных цацак выставілі на агляд у вітрыне. Атрымаўся невялікі куток з навагоднім настроем.

Даведацца, якімі паштоўкамі і фотаздымкамі віншавалі адзін аднаго ў пачатку ХХ стагоддзя жыхары розных краін, можна з экспазіцыі ў музеі традыцыйнай культуры. Тут працуе выстаўка святочных паштовак пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі мінчаніна Дзмітрыя Сярэбранікава «Віншаванні з мінулага стагоддзя». У ёй прадстаўлены паштоўкі з розных краін, ці, як раней называлі, «адкрытыя пісьмы», з 1904 года па 1942 г. Экспанаты для выстаўкі прадставіў прыватны калекцыянер, які не першы год супрацоўнічае з МТК і прывозіць свае экспазіцыі на агляд браслаўчанам. Гэтая ж выстаўка адметная тым, што па паштоўках можна прасачыць гісторыю іх стварэння і развіцця: ад малюнкаў да фатаграфіі на ілюстрацыі. Ёсць і цікавыя друкаваныя перыядычныя выданні з віншаваннямі на Новы год.

Хутка навагоднюю тэму ў музеі традыцыйнай культуры працягне вядомая выстаўка мясцовых майстроў «Калядныя ўзоры». ■

Алена НАБЕЕВА.