Цікавыя факты пра Браслаўшчыну 1970-х гадоў

Браславскому району — 80 лет

У 1970 годзе ў Браслаўскім раёне пражывала 49 600 чалавек, а ў 1979 – 42 645. З іх 12 209 – гарадскога насельніцтва, а сельскага – 30 436. У 1975 годзе ў раёне было 816 населеных пунктаў.

Гэтыя гады – час актыўнага развіцця ўсіх сфер і будаўніцтва. Практычна кожны год здаваліся ў эксплуатацыю жылыя дамы і іншыя пабудовы для патрэб насельніцтва. Напрыклад, у 1974 годзе ў райцэнтры быў узведзены Дом культуры, у 1976-м – здадзена ў эксплуатацыю першая чарга ільнозавода.

Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, філіялам якога з’яўляўся і ў той час Браслаўскі маслазавод, у 1974 годзе заняў першае месца за другі квартал у сацыялістычным спаборніцтве сярод прадпрыемстваў мясной і малочнай прамысловасці СССР. І ў гэтым немалая заслуга браслаўчан, якія за 8 месяцаў вырабілі масла 4 836,2 цэнтнера, а першым гатункам – 1 894,6.

У 1974 годзе па выніках сацыялістычнага спаборніцтва работнікаў прамысловасці, будаўніцтва і транспарту раёнаў рэспублікі нашаму быў прысуджаны Чырвоны сцяг ЦК КП Беларусі, Савета Міністраў Беларускай ССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ і пераходны Чырвоны сцяг Віцебскага абкома КПБ, аблвыканкама і аблсаўпрофа.

Восенню гэтага ж года было арганізавана масавае катанне насельніцтва на самалёце «АН-2». Для дастаўкі жадаючых на Браслаўскую аэрапасадачную пляцоўку курсіраваў аўтобус. Кошт білета складаў 1 руб. 7 кап.

З 1971 па 1975 год у Браславе будаваўся мікраён па вуліцах Садовай і Юбілейнай. За гэты час прадпрыемствамі і арганізацыямі было ўзведзена 20 жылых дамоў на 197 кватэр. А ўсяго за пяцігодку – 160 дамоў. Здадзены ў эксплуатацыю тэлерэтранслятар, аўтазаправачная, аб’язная дарога. Рэканструяваны будынак гасцініцы: да старога памяшкання зрабілі арыгінальную прыбудову, што дазволіла павялічыць колькасць месц у два разы. Увогуле ж забудова горада з 1973 года вялася па плане, распрацаваным Беларускім навукова-даследчым інстытутам горадабудаўніцтва.

У 1975 г. у Опсе былі пабудаваны двухпавярховыя дамы і адкрылася школа, у якой пачалі вучыцца 400 дзяцей. Тады ж на рацэ Друйка трэці раз прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па тэхніцы воднага турызму, удзел у якіх прынялі зборныя 5 абласцей і горада Мінска.

На канец 1979-га ў райцэнтры налічвалася амаль 1 000 дамоў – гэта больш за 2 000 кватэр. Аднак толькі прыкладна шостая частка з іх мела паравое ацяпленне, водаправод, каналізацыю, душ. Працаваў раённы, 2 пасялковыя і 8 сельскіх дамоў культуры, 42 клубы і 1 аўтаклуб, народны тэатр, дзве музычныя школы. Сярэднюю школу ў 1979 годзе ў раёне скончылі 469 вучняў, а васьмігадовую – 780. У Відзаўскім вучылішчы на першым курсе займаліся 240 навучэнцаў, на другім – 207 і на трэцім – 139. Напрыканцы 70-х гадоў у раёне працавалі 64 урачы, 257 сярэдніх і 302 малодшыя медработнікі, мелася 455 бальнічных ложкаў.


А вось як у 1979 годзе архітэктары ўяўлялі Браслаў у 2000-х:

– На ўзгорках, што паміж азёрамі Бярэжжа і Святцо, узнімуцца дзевяціпавярховыя гмахі. У раёне, дзе размешчаны РДК, гасцініца, сфарміруецца адміністрацыйна-культурны цэнтр. Тут будуць пабудаваны гасцініцы, установы абслугоўвання, вялікая кінаканцэртная зала і інш.

Зменіцца вуліца Ленінская. Замест нязграбных дамоў, тут з’явяцца светлыя будынкі, звернутыя фасадам да возера. Будаўніцтва шматпавярховак прадугледжана таксама на тэрыторыі калгаснага рынку і прылягаючых вуліц.

Да 2000 года ўсе прамысловыя прадпрыемствы будуць вынесены ў асобную зону пасля будаўніцтва базы ПМК-44, ільнозавода. Тут з’явяцца карпусы маслазавода, гародніннай фабрыкі, аўтабазы, хлебазавода і іншых прадпрыемстваў.

Ужо цяпер вядзецца будаўніцтва дарогі праз Леснічоўку, па вул. Садовай, каля ПМК-44 у напрамку в. Рубеж. Пасля гэтага дарогу ўздоўж воз. Дрывяты плануюць выкарыстоўваць як прагулачную.■

Алена НАБЕЕВА