Ініцыятывы загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу адзначаны чарговай узнагародай

Люди
У сучасным грамадстве ўзрастаюць патрабаванні да работы бібліятэчных устаноў. Іх супрацоўнікі павінны разумець патрэбы наведвальнікаў і пры неабходнасці своечасова каардынаваць і пераарыентоўваць сваю дзейнасць, выводзіць яе на якасна новы ўзровень. Эфектыўнасць жа гэтага працэсу ў многім залежыць ад прафесіяналізму работнікаў бібліятэк. Ён у поўнай меры ўласцівы супрацоўнікам Браслаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, творчая і прафесійная дзейнасць якіх штогод адзначаецца ўзнагародамі ў раёне, вобласці і рэспубліцы.

Пастаяннае ўдасканальванне работы і яе новыя аспекты, цікавыя ідэі і ўвасабленне іх у праектах, правядзенне сур’ёзных мерапрыемстваў і наладжванне міжнародных сувязей – менавіта ў такіх накірунках працуюць нашы бібліятэкары. Не дзіўна, што іх плённая праца атрымлівае высокую ацэнку.

У шэрагу шматлікіх грамат і падзяк можна асобна вылучыць некалькі ўзнагарод, якімі ў апошні час адзначаны работнікі бібліятэк на рэспубліканскім узроўні. Так, летась дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Сёлета на абласным урачыстым мерапрыемстве, якое прайшло ў г. п. Ушачы ў мінулым месяцы і было прысвечана Дню работнікаў культуры, загадчыку аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі Ірыне Макарэвіч аб’яўлена Падзяка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

Такія высокія ўзнагароды сведчаць не толькі пра прызнанне асабістых заслуг работнікаў, але і пра прызнанне аўтарытэту ўсёй адпаведнай галіны раёна на рэспубліканскім узроўні. ■

Жанна БЯЛЬКО