Каля 70 карцін браслаўскага мастака дэманструюцца на выстаўцы ў Віцебску

В свободное время
Каля 70 карцін браслаўскага мастака Чэслава Жусяля цяпер дэманструюцца на выстаўцы ў Віцебску.

Трэба адзначыць, што інсітнае, альбо наіўнае, мастацтва Віцебшчыны мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Наш зямляк з’яўляецца яркім прадстаўніком гэтага напрамку, і яго работы не раз былі прадстаўлены на розных выставачных пляцоўках, унесены ў буклеты і каталогі. Вось і сёлета браслаўчаніна запрасілі прыняць удзел у маштабным мерапрыемстве — Нацыянальнай выстаўцы інсітнага мастацтва INSITUS – 2020 у абласным музеі і метадычным цэнтры народнай творчасці.

Гэта сапраўдны форум лепшых мастакоў і майстроў. Традыцыйна ён збірае творцаў з некалькіх краін. У гэтым годзе пандэмія ўнесла свае карэктывы ў яго арганізацыю, аднак на выстаўцы ёсць творы не толькі беларусаў, але і прадстаўнікоў Расіі і Літвы – усяго каля 200 экспанатаў. І ўявіце сябе: 70 з іх аўтарства Чэслава Жусяля! Пра яго творчасць арганізатары кажуць, што мастак стварыў эпас народнага жыцця на беразе вялікага возера, занатаваўшы і напісаўшы сваіх родных і суседзяў за іх паўсядзённымі справамі, а сабраныя ўсе разам, карціны Ч. Жусяля даюць уяўленне пра жыццёвы шлях беларуса з вясковага асяроддзя. ■

Алена НАБЕЕВА