Браслаўчанка адзначана Падзякай старшыні Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі ў галіне АПК

Люди
Лідар прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Браслаўскай ветэрынарнай станцыі Марына Мацеша напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і актыўны ўдзел у жыцці калектыву атрымала Падзяку старшыні Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяны Ярома.

М. Мацеша працуе лабарантам сералагічнага падраздзялення ў Браслаўскай ветстанцыі ўсяго тры гады. І як толькі маладая жанчына ўладкавалася, кіраўніцтва ўстановы адразу заўважыла яе лідарскія якасці і ў хуткім часе прапанавала ўзначаліць прафсаюзную пярвічку.

Марына расказвае, што вагалася з рашэннем, але ўпэўненасці ёй надала свякроў – Галіна Андрэеўна Мацеша, якая на той час ужо шмат гадоў граматна кіравала галіновым прафсаюзам работнікаў культуры. Яна ж дапамагла нявестцы разабрацца з запаўненнем неабходных папер, навучыла правільна весці бухгалтарскі ўлік.

Марына Мацеша хутка ўлілася ў прафсаюзную дзейнасць. За месяц у яе арганізацыі ў прафесійны саюз уступілі 30 % работнікаў, якія дагэтуль ігнаравалі такія запрашэнні, такім чынам, цяпер у пярвічку уваходзіць 100 % калектыву. Усе работнікі маюць магчымасць за невялікі кошт аздараўлівацца ў санаторыях, у складаны час атрымліваюць матэрыяльную дапамогу. Увогуле калектыў жыве актыўна: адзначае святы, набывае падарункі для калег і дзяцей, удзельнічае ў акцыях па зборы малых са шматдзетных сем’яў у школу і многіх іншых мерапрыемствах. Адным словам, усе задаволены работай, якую праводзіць прафсаюзны лідар арганізацыі М. Мацеша. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ