Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі на Браслаўшчыне адзначылі кулуарна

Власть и общество
У гэтыя восеньскія дні віншаванні з прафесійным святам прымаюць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай кіраўніцтва раёна вырашыла не збіраць усіх перадавікоў у адным памяшканні, а абысціся невялічкімі святамі ў кожным з сельгаспрадпрыемстваў. У некаторых з іх мерапрыемствы ўжо прайшлі. У пятніцу на адно з такіх завітала і «Браслаўская звязда».

У вялікай актавай зале ААТ «Друйскі» яго работнікі прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, дырэктара гаспадаркі Аляксандра Белюна і лідара галіновага прафсаюза Мікалая Вялічкі. У адрас хлебаробаў і жывёлаводаў гучалі словы ўдзячнасці за шчырую, самаадданую працу, а лепшыя з іх былі ўзнагароджаны. Напрыклад, электрагазазваршчык Вадзім Яновіч атрымаў Ганаровую грамату ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Браслаўскага райвыканкама, а Станіслаў Аўчынка і Андрэй Паўловіч былі ўзнагароджаны Падзякай начальніка ўпраўлення райвыканкама па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

А. Бялюн выступіў з прамовай перад прысутнымі, павіншаваў усіх са святам і ўручыў граматы і каштоўныя падарункі, прэміі. У кожнай з намінацый (трактарысты, вадзіцелі, аператары машыннага даення, жывёлаводы, аператары па дарошчванні БРЖ, маладыя спецыялісты, калектыў фермы, універсальныя спецыялісты, будаўнічая брыгада) былі выдзелены тры месцы, у залежнасці ад іх намінанты атрымлівалі дыпломы і грашовыя прэміі. Было бачна, што людзям прыемна выходзіць на сцэну, яны ацанілі неабыякавае стаўленне да сябе кіраўніцтва.

М. Вялічка таксама выказаў словы ўдзячнасці ў адрас прысутных і ўручыў каштоўныя падарункі поварам і старшыні прафсаюзнай пярвічкі.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства артысты Браслаўскага РЦК арганізавалі ўрачысты канцэрт.

У гэты дзень ніхто з не застаўся без увагі: абсалютна ўсе работнікі сельгаспрадпрыемства атрымалі харчовыя наборы.

Вольга ПАТАПОВІЧ