«З дзяцінства люблю даглядаць пчаліныя сем’і». Браслаўчанін пра сваё захапленне

Люди
Неаднойчы чула пра браслаўскага пчаляра Генрыха Грыкяся. Многія людзі, якія спрабавалі духмяны мёд з яго пчальніка, часта расказвалі пра смакавыя якасці і каштоўнасць гэтай саладосці. Пазнаёміцца ж з пчаляром мне пашанцавала на яго працоўным месцы, на аддаленай ад іншых дамоў сядзібе ў Мяжанскім сельсавеце.

Адзінокі дом сярод палёў можна і не заўважыць, бо з усіх бакоў яго акружае вялікі яблыневы сад. А вось у ім паўсюдна стаяць пчаліныя хаткі. Ветлівы гаспадар, калі заўважыў мяне з фотаапаратам і блакнотам у руках, без асаблівых ваганняў запрасіў да знаёмства.

— Калі вам гэта цікава, то раскажу, праходзьце, — усміхнуўся Генрых, надзеў на мяне спецыяльны капялюш і запрасіў прайсці на ўчастак. Вакол гудзелі пчолы, якія спачатку наводзілі жах. Але ўжо праз некалькі хвілін стаяла з пчаляром каля аднаго з расчыненых вулляў і была поўнасцю спакойная, бо адчувалася, што побач прафесіянал і ён добра ведае, як сябе паводзіць.

Падчас нашай размовы гаспадар быў заняты вельмі важнай справай: перасаджваў у хатку новую пчаліную матку, якую, дарэчы, выгадаваў сам. Ён падымаў рамку за рамкай, абглядаў пчол і шукаў патрэбную, тым часам расказваў мне сваю гісторыю.

– Пчалярства – старажытны занятак, вельмі складаны і карпатлівы, ён па сіле далёка не кожнаму. Тут мала зразумець, як адбываецца працэс, яго трэба палюбіць. А як не палюбіць справу, якой займалася твая мама, і ты з дзяцінства дапамагаў ёй даглядаць пчаліныя сем’і. Яны часта дапамагалі нам. Так, смачны і карысны мёд мая сям’я заўсёды ела ўдосталь, ён быў таксама нашым дадатковым заробкам.

У 90-я гады адчуваліся складанасці з работай, напэўна, у той час я ўсур’ёз і заняўся пчалярствам. Тады вазіў мёд аж у Санкт-Пецярбург, дзе яго добра куплялі і па даволі высокай цане. Мядовая пасека прыносіла неблагі заробак. Цяпер таксама не наракаю, безумоўна, пчолы – гэта пастаянныя штодзённыя клопаты, асабліва ў сезон. Ездзіць з Браслава за 40 кіламетраў накладна, але што зробіш, не кіну ж я іх. Затое вуллі далёка ад цывілізацыі, машын ды заводаў, таму і мёд такі прыносіць больш карысці.

З пчальніком мне дапамагала дачка, цяпер яна жыве ў іншым горадзе, таму яе замяніла жонка.

Работы тут вельмі многа, і аднаму мне не справіцца. Але пчолы, якія часта жаляць, няпростая справа іх развядзення, штодзённыя сезонныя клопаты, чысткі домікаў, захаванне сямей зімой, лячэнне іх ад хвароб і шмат іншых пытанняў адпадаюць на другі план, калі пчаляр збірае духмяны мёд. У гэты час ты не толькі бачыш вынік сваёй працы, а і становішся ўдзельнікам нейкага чараўніцтва.

Мой суразмоўца мог бы расказваць пра любімы занятак бясконца. Калі бачыла яго ў працэсе, разумела, з якой адказнасцю ён адносіцца да гэтых насякомых, як шмат ведае пра іх і ўсю душу ўкладае ў сваю справу. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ