Перажывае за ўсё, паспявае ўсюды. Рамуальда Паляк — галоўны ветэрынарны ўрач СВК «Маяк Браслаўскі»

Люди
«Вынікі ўдумлівай і творчай працы маладога спецыяліста ўжо бачны. З яго прыходам значна знізіўся паморак жывёлы, менш стала захворванняў», – так пісала ў студзені 1984 года «Браслаўская звязда» пра ветфельчара Рамуальда Паляка, які на той час меў усяго пяць месяцаў працоўнага стажу ў калгасе імя Заслонава. Прайшлі гады, змянілася гаспадарка і пасада, але нязменнымі засталіся адказныя адносіны і грунтоўны падыход да справы цяпер ужо галоўнага ветэрынарнага ўрача СВК «Маяк Браслаўскі».

Як расказвае сам Р. Паляк, яго сям’я жыла ў сельскай мясцовасці – у в. Леамполле Браслаўскага раёна, а там паважалі ветурачоў: вяскоўцы, якія трымалі жывёлу, вельмі цанілі іх дапамогу. У нейкай ступені вызначыцца з прафесіяй дапамагла і маці, якая лічыла, што «на такой рабоце не прападзеш, калі галаву мець будзеш». Да таго ж з іх акругі многія маладыя людзі паступалі менавіта ў Ільянскі сельгастэхнікум, што ў Вілейскім раёне. Вось і зрабіў хлопец свой выбар: пасля заканчэння 8-га класа Відзы-Лаўчынскай школы ён паступіў на ветаддзяленне гэтага тэхнікума. У красавіку 1981 года Р. Паляк атрымаў дыплом ветэрынарнага фельчара, а ўжо ў маі пайшоў у армію. Служыць давялося ў Падмаскоўі. Калі праз два гады дэмабілізаваўся, хлопец хацеў уладкавацца на працу ў свой калгас, але яму рэкамендавалі імя Заслонава ці «Друйскі». Выбраў першы, каб быць бліжэй да дому. Засталася ў памяці дата – 1 жніўня 1983 года: у гэты дзень малады спецыяліст заняў у сельгаспрадпрыемстве пасаду ветэрынарнага фельчара.

– Спачатку прыйшлося цяжка: папярэдніка не было, працаваў у гаспадарцы адзін, нават па падказку не было да каго звярнуцца, – успамінае Рамуальд Яўгенавіч. – Складаныя моманты сустракаліся літаральна на кожным кроку: ненармаваны рабочы дзень, стан пастаяннай «баявой» гатоўнасці, бо ў любы момант, нават ноччу, людзі маглі паклікаць на дапамогу. Але ўсё прыходзіць у працэсе, праўду кажуць, што смак з’яўляецца падчас яды. Цяпер ужо, маючы вопыт, прадбачыш, які выхад, пралічваеш усё наперад, а маладому, безумоўна, нялёгка было.

Працаваў Р. Паляк у калгасе імя Заслонава, а калі адбылося аб’яднанне з «Маяком», кіраўнік гаспадаркі Рамуальд Шукель запрасіў спецыяліста на пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача, якую той і займае з 1990 года. Санітарыя на фермах, арганізацыя прафілактыкі хвароб, выкананне плана супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў, кантроль за якасцю кармоў і іх скормліваннем… Адным словам, што дзе робіцца ў жывёлаводстве, ва ўсім трэба прымаць удзел, – менавіта так бачыць сутнасць сваёй работы Рамуальд Паляк. Аднак ёсць моманты, якія патрабуюць найбольш пільнай увагі.

– Асноўны ўпор – на якасць прадукцыі, – кажа галоўны ветурач сельгаскааператыва. – Абавязкова трэба сачыць за тэхналогіяй вытворчасці малака, глядзець, каб усё адпавядала ўстаноўленым нормам. Калі раней патрабавалася толькі прадукцыя, ішла барацьба за яе колькасць, то цяпер трэба ўлічваць еўрапейскія стандарты якасці.

У зоне адказнасці спецыяліста знаходзіцца 3 000 галоў, з іх 900 кароў. Каб атрымаць добрае малако ад жывёлы, трэба выгадаваць здаровы маладняк. Таму ўжо з сямі гадзін раніцы Р. Паляк на працоўным месцы, заканчваецца ж яго дзень па-рознаму – як абставіны складуцца. Затое вынікі радуюць: гаспадарка – прызнаны лідар жывёлагадоўлі ў рэгіёне, а малако гатунку «экстра» стала паўсядзённай нормай вытворчасці «маякоўцаў». ■

Жанна БЯЛЬКО